СМІ: Ярмошына можа пакінуць пасаду старшыні Цэнтравыбаркаму да 20 снежня
Лідзія Ярмошына можа пакінуць пасаду старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі да 20 снежня. Яна не выключыла такую магчымасць у інтэрв'ю Радыё "Свабода". Але ўсё, па яе словах, будзе залежаць ад кіраўніка Беларусі.
Чыноўніца паведаміла, што паўнамоцтвы цяперашняга складу Цэнтрвыбаркаму скончацца 20 снежня. Да гэтага тэрміну павінна адбыцца зацвярджэнне яго новага складу. Прычым новыя людзі могуць прыйсці на ўсе 12 пасадаў. "Нават месца сакратара ЦВК Лазавіка, які нядаўна памёр, вольнае не толькі фактычна, але і фармальна. Бо Мікалай Іванавіч перад тым, як сысці ў адстаўку, склаў з сябе паўнамоцтвы ў ЦВК. Рэальна цяпер працуюць 11 чалавек, а ў новым складзе іх будзе, як і раней, 12. Паверце мне, гэта няшмат", — паведаміла Ярмошына.
Старшыня ЦВК паведаміла, што палову складу ЦВК прызнача кіраўнік дзяржавы, другую палову — Савет Рэспублікі.
Новы склад ЦВК будзе рыхтаваць ужо наступныя выбары — мясцовыя. Яны павінны адбыцца не пазней за люты 2018 года. Гэта азначае, што выбарчая кампанія пачнецца напрыканцы 2017 года.