Спецслужбы РБ купілі ў Польшчы на імя Рамана Пратасевіча два аўтамабілі
Эксперты праводзяць агляд аўтамабіля, набытага на імя Рамана Пратасевіча
Беларускія спецслужбы ў лістападзе 2020 года праз падстаўных асобаў купілі ў Польшчы два аўтамабілі на імя Рамана Пратасевіча. Пра гэта піша "Газета Выборча" ў сваім расследаванні. Пра аперацыю беларускіх спецслужбаў стала вядома праз памылку супрацоўніка беларускага дыппрадстаўніцтва ў Літве. Пасля арышту Пратасевіча ў Мінску ён вырашыў прадаць адзін з аўтамабіляў (Peugeot Expert). У якасці пакупнікоў афармляць угоду прыехалі прадстаўнікі літоўскай контрразведкі.
Яны высветлілі, што "Пратасевіч" купіў гэтую машыну ў снежні 2020 года ў перакупшчыка пад Варшавай, а праз паўгода быў затрыманы ў Мінску. Пра сітуацыю паведамілі польскім калегам з Агенцтва ўнутранай бяспекі (АВМ). Тыя ў сваю чаргу знайшлі другі аўтамабіль — серабрысты Opel Astra, таксама набыты ў 2020 годзе і аформлены на Пратасевіча. Сам Раман пра існаванне гэтых аўтамабіляў не ведаў.
Польскія следчыя высветлілі, што пакупніком у абодвух выпадках быў украінец Rasim G. яго затрымалі. У размове са следчымі ён расказаў, што купіць аўтамабілі яго папрасіў прыяцель, украінскі бізнесовец Mikołaj H., які цяпер жыве ў Венгрыі. Mikołaj прасіў дапамагчы свайму сябру, былому дыпламату з Беларусі. Паводле затрыманага ўкраінца, Mikołaj і ягоны беларускі сябар разам вучыліся ў Вайсковай акадэміі ў Адэсе. За кожную ўгоду Rasim атрымаў з Венгрыі дадатковы бонус.
Peugeot Expert пазней перагналі ў Літву. За рулём быў афіцэр беларускіх спецслужбаў. Дарогай аўто трапіла на камеру кантролю хуткасці. У гэты ж час Пратасевіч якраз перабраўся ў Вільню, але рэгулярна бываў і ў Варшаве. Аўтары расследавання дапусцілі, што з дапамогай гэтых аўтамабіляў спецслужбы планавалі падставіць журналіста — да прыкладу, спісаць на яго ДТЗ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.