Лукашэнка пракаментаваў памілаванне Пратасевіча
Раман Пратасевіч / sb.by
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму пагадзіўся памілаваць Рамана Пратасевіча. "Гэты хлопец зрабіў усё, што абяцаў", — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. Прычым Лукашэнка перакананы, што Пратасевіч усё гэта зрабіў "не таму, каб не трапіць у турму", а таму што зразумеў, "што няправільна паступіў". Акрамя таго, "на фронце ён не быў, нікога не забіваў", — растлумачыў Лукашэнка.
Нагадаем, у пачатку траўня Мінскі абласны суд прысудзіў аднаго з экс-супрацоўнікаў тэлеграм-канала Nexta Рамана Пратасевіча да 8 гадоў калоніі. Яго абвінавачвалі ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актах тэрарызму і паводле шэрагу іншых артыкулаў КК. А ў канцы траўня стала вядома, што Лукашэнка памілаваў Пратасевіча.
Журналіста разам з яго (на той момант) дзяўчынай Сафіяй Сапега затрымалі ў траўні 2021 года. Яны былі на борце самалёта Ryanair, які беларускія ўлады прымусова пасадзілі ў Мінску. Сапегу Лукашэнка таксама памілаваў. Каля брамы калоніі дзяўчыну, якая з'яўляецца грамадзянкай Расіі, сустракаў губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка.
На пытанне пра Пратасевіча Лукашэнка адказваў падчас паездкі ў Мінскую вобласць, дзе яму дакладалі пра стварэнне вытворчасці беларускіх боепрыпасаў. Старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Дзмітрый Пантус расказаў, што праца па арганізацыі вытворчасці пачалася ў лістападзе 2022 года. І да цяперашняга часу на прадпрыемствах ДВПК і Мінпрама вырабляюць ужо больш за паўсотні корпусна-механічных частак для такога тыпу боепрыпасаў. Пра якія боепрыпасы ідзе гаворка, дзяржСМІ не гавораць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.