Лукашэнка памілаваў Пратасевіча
Раман Пратасевіч / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча. Пра гэта стала вядома ў панядзелак са слоў самога Пратасевіча. У пачатку траўня былы галоўны рэдактар Nexta быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (прызнаны вінаватым у "абразе Лукашэнкі", "закліках да актаў тэрарызму" і інш.), але заставаўся пад хатнім арыштам. Прысуд ён не абскарджваў.
"Літаральна толькі што я падпісаў усе адпаведныя дакументы, што я памілаваны. Гэта, вядома, проста выдатная навіна", — сказаў Раман Пратасевіч. Ён "шалёна" ўдзячны Аляксандру Лукашэнку.
Пратасевіч апынуўся ў РБ пасля таго, як 23 траўня 2021 года ў Мінску прымусова пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, на якім ён ляцеў з Афінаў у Вільню. Раман Пратасевіч супрацоўнічаў са следствам і выкарыстоўваўся прапагандай. У апошнім слове ён заявіў, што прызнае палітычную паразу і папрасіў суд прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Былая сяброўка Пратасевіча Сафія Сапега адбывае ў Беларусі шасцігадовы тэрмін у калоніі. Сапега ў памілаванні было адмоўлена. Суд у Маскве 24 траўня разгледзіць дакументы аб яе экстрадыцыі ў Расію.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.