Гісторыя паўночнакарэйскай эмігранткі, якую рэжым выкраў і вярнуў на радзіму
Паўночнакарэйская вайскоўка, якая ўцякла ў Паўднёвую Карэю — і зноў апынулася ў КНДР
На мінулым тыдні, пасля інтэрв'ю з расійскай блогеркай Ксеніяй Сабчак, зноў загаварылі пра Рамана Пратасевіча — экс-рэдактара медыя Nexta. Хоць некаторыя эксперты лічаць яго сітуацыю ўнікальнай, практыка выкрадання эмігрантаў аўтарытарнымі рэжымамі і іх выкарыстанне ў прапагандысцкіх мэтах насамрэч досыць распаўсюджаная.
Яскравы таму прыклад — лёс вайскоўкі Лім Чжы Хён (сапраўднае імя — Чон Хе-сон), якая спачатку збегла з Паўночнай Карэі ў Паўднёвую, а потым з незразумелых прычынаў зноў апынулася на радзіме.
Еўрарадыё пераказвае яе драматычную гісторыю.
Уцёкі ад голаду і галечы
Вясной 2014 года 23-х гадовая вайскоўка Лім Чжы Хён, як і тысячы іншых паўночнакарэйцаў, вырашыла збегчы з КНДР у пошуках лепшага жыцця. У Паўночнай Карэі дзяўчына жыла ва ўмовах пастаяннага недахопу харчавання і медыкаментаў, што асабліва востра адчувалася ў перыяд нацыянальнага голаду 1990-х гадоў, калі, паводле розных ацэнак, памерла да 1,5 млн чалавек.
Паводле яе сяброў і блізкіх, адным з ключавых фактараў яе рашэння пакінуць краіну быў клопат пра сям'ю. Яе бацька, які працаваў на хімічным заводзе, пакутаваў ад праблем з лёгкімі, і Лім спадзявалася зарабіць грошай за мяжой, каб купіць лекі на чорным рынку для яго лячэння.
Уцёкі праз замініраваную мяжу з Паўднёвай Карэяй, якая шчыльна ахоўваецца, былі практычна немагчымыя, і адзіным рэальным шанцам для многіх паўночнакарэйцаў было перасячы раку Ялу, якая аддзяляе Паўночную Карэю ад Кітая.
Лім пачала гэта рызыкоўнае падарожжа ў красавіку, перасякаючы раку ў адзіночку. Яе шлях ішоў праз Кітай і Паўднёва-Усходнюю Азію і заняў каля двух месяцаў.
Жыццё на волі
Пасля прыбыцця ў Паўднёвую Карэю Лім Чжы Хён прайшла 12-тыднёвы курс адаптацыі, арганізаваны Міністэрствам аб'яднання Рэспублікі Карэя. Дзяржаўная праграма аказвала дапамогу ў пошуку жылля і працы, аднак цяжкасці на новым месцы часта насілі асабісты характар.
Паўночнакарэйскія перабежчыкі сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і прадузятым стаўленнем з боку паўднёвакарэйцаў, што ўскладняе іх інтэграцыю ў грамадства.
Першыя месяцы Лім была вымушана працаваць у барах афіцыянткай, але яе харызматычнае і сімпатычнае аблічча забрала ўвагу тэлевізійных прадзюсараў.
Жанр рэаліці-шоу пра жыццё паўночнакарэйскіх перабежчыкаў папулярны сярод паўднёвакарэйскай публікі, якая прагнула пачуць гісторыі пра жыццё ў самай закрытай краіне свету.
Лім удзельнічала ў такіх шоу, як Moranbong Club і Love Unification: Southern Man, Northern Woman, у якіх героі расказваюць пацешныя і часам сумныя гісторыі пра сваё мінулае ў Паўночнай Карэі.
Дзяўчына была адной з тых паўночнакарэйскіх перабежчыкаў, хто дэманстраваў аптымізм, даказваючы, што яны могуць быць паспяховымі, вясёлымі і яркімі, нягледзячы на свае цяжкія перажыванні.
Знікненне і вяртанне ў КНДР
Аднак у 2017 годзе Лім раптам знікла.
Яе сябры і калегі па тэлебачанні не маглі зразумець, што з ёй адбылося. Паліцыя пачала расследаванне, але ніякіх слядоў не ўдалося выявіць.
Паўднёвакарэйскія СМІ і прыхільнікі Лім былі ў шоку, калі ў ліпені таго ж года на паўночнакарэйскім прапагандысцкім сайце Uriminzokkiri з'явілася відэа, у якім Лім Чжы Хён са слязамі на вачах сцвярджала, што вярнулася на радзіму з уласнай волі.
Яна казала, што жыццё ў Паўднёвай Карэі была для яе "пеклам" і што яна кожны дзень плакала, сумуючы па айчыне і бацьках. Лім у сваіх заявах называла сябе "чалавечым смеццем" і прасіла прабачэння ў Кім Чэн Ына за здраду сваёй краіне.
Яе вонкавы выгляд моцна змяніўся: у адрозненне ад модных строяў і доўгіх кучаравых валасоў, якія яна насіла ў Паўднёвай Карэі, на відэа яна з'явілася з кароткай стрыжкай і ў традыцыйным касцюме ханбок.
Прыхільнікі заўважылі, што яе твар апухлы і бледны, і гэта прымусіла многіх выказаць здагадку, што яна магла зазнаць псіхалагічны ціск ці гвалт.
Хоць Лім на відэа сцвярджала, што вярнулася ў Паўночную Карэю добраахвотна, паўднёвакарэйскія ўлады прытрымліваюцца іншай версіі. Паводле звестак паўднёвакарэйскай паліцыі, Лім маглі выкрасці агенты паўночнакарэйскай выведкі.
Перад знікненнем Лім спрабавала адправіць буйную суму грошай сваім бацькам праз кітайскага пасярэдніка, але ёй паведамілі, што грошы зніклі. Дзеля пошуку гэтых сродкаў Лім адправілася ў Кітай, дзе, як мяркуюць паўднёвакарэйскія спецслужбы, яе завабілі ў пастку і выкралі.
Паўночнакарэйскі рэжым актыўна змагаецца з уцекачамі, а Кім Чэн Ын зрабіў больш жорсткім пакаранні за спробы ўцёкаў. Тыя, хто спрабуе вярнуцца ў краіну, могуць быць расстраляныя або адпраўленыя ў працоўныя лагеры, што фактычна з'яўляецца смяротным прысудам.
Імавернасць таго, што Лім сапраўды добраахвотна вярнулася ў Паўночную Карэю, вельмі малая: з 2012 года ўсяго 25 з больш чым 10 тысяч паўночнакарэйскіх перабежчыкаў вярнуліся на радзіму, прычым пяць з іх неўзабаве зноў збеглі ў Паўднёвую Карэю.
Прапагандысцкае амплуа
Лім зрабілася магутным інструментам прапаганды для паўночнакарэйскага рэжыму. Яе публічнае раскаянне і асуджэнне капіталістычнага поўдня былі выкарыстаныя для ўмацавання негатыўнага вобраза Паўднёвай Карэі ў вачах паўночнакарэйскіх грамадзян і для папярэджання спробаў уцёкаў іншых маладых жанчын.
Эксперты мяркуюць, што Лім была вымушаная выступаць у гэтых відэа пад пагрозай расправы над ёй і яе сям'ёй.
Лім знялася ў некалькіх відэа пасля свайго вяртання, дзе кожны раз выглядала змучанай і прыгнечанай. Яна адмаўляла чуткі аб выкраданні, сцвярджаючы, што самастойна вярнулася праз Кітай, перасекла раку Ялу і вярнулася на "грудзі Айчыны". Гэтыя заявы, аднак, супярэчылі выведзвесткам паўднёвакарэйскіх уладаў.
На цяперашні момант лёс Лім Чжы Хён застаецца невядомым: некаторыя мяркуюць, што яна была пакараная смерцю або адпраўленая ў працоўны лагер, калі яе прапагандысцкая каштоўнасць вычарпалася — з 2017 года на публіцы і тэлебачанні яна больш не з'яўлялася.
Нягледзячы на гэта, гісторыя Лім Чжы Хён працягвае заставацца сімвалам трагедыі, якая спасцігае многіх паўночнакарэйскіх перабежчыкаў, і напамінам пра цяжкія ўмовы жыцця ў Паўночнай Карэі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.