Рамана Пратасевіча выпусцілі за мяжу

Раман Пратасевіч, верасень 2024-га

Раман Пратасевіч, верасень 2024-га / Telegram

Рамана Пратасевіча выпусцілі за мяжу. "Я пакідаў краіну афіцыйна праз аэрапорт. Зараз я знаходжуся ў Дубаі", — сказаў ён у гутарцы з прапагандыстамі. Паводле яго слоў, вялізны штраф адмянілі пасля пададзенай апеляцыі.

"Што тычыцца працы, то я ўжо 3 месяцы працую, зарабляю сумленнай працай, — кажа Пратасевіч. — Працую зваршчыкам на адным з прадпрыемстваў у сферы энергетыкі [на Мінскім электрамеханічным заводзе]. Вырабляю трансфарматары для энергетычнай прамысловасці, вару там розныя дэталі, бакі і ўсё ў такім духу. Ну і заробкам таксама не крыўдзяць".

А яшчэ Раман Пратасевіч падаў дакументы на аднаўленне на журфаку, збіраецца вучыцца завочна.

Журналіста Пратасевіча затрымалі ў траўні 2021 года. Ён быў на борце самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву, і які прымусова пасадзілі ў РБ. Раман Пратасевіч супрацоўнічаў са следствам і выкарыстоўваўся прапагандай. У пачатку траўня 2023-га Мінскі абласны суд прысудзіў аднаго з экс-супрацоўнікаў тэлеграм-канала Nexta да 8 гадоў калоніі. Яго абвінавачвалі ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актах тэрарызму і паводле шэрагу іншых артыкулаў КК. А ў канцы траўня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў Пратасевіча.

Сёлета вясной Раман Пратасевіч заявіў, што павінен дзяржаве 7 мільёнаў долараў. Справа ў тым, што суд Мінскага раёна разгледзеў грамадзянскі іск у дачыненні да Пратасевіча, а таксама Яна Рудзіка і Сцяпана Пуцілы, і пастанавіў, што яны павінны выплаціць, у асноўным на карысць МУС, больш за 24,5 млн рублёў. Цяпер гэта Раману Пратасевічу не пагражае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі