Пратасевіч не абскарджваў прысуд, яго павінны адправіць у калонію
Раман Пратасевіч у судзе / БЕЛТА
Раман Пратасевіч не абскарджваў прысуд, ён ужо ўступіў у сілу, паведамілі ТАСС у чацвер у Мінскім абсланым судзе. Пратасевіча павінны адправіць у калонію (ці ўсё ж ён будзе памілаваны?). Інфармацыі пра тое, ці адправілі яго зноў за краты, пакуль няма. На пытанне, ці ўзяты Пратасевіч пад варту, прадстаўніца абласнога суду адказала, што "гэта ў парадку выканання".
3 траўня Мінскі абласны суд агучыў прысуд па крымінальнай справе супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta. Раман Пратасевіч быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд працягваўся два з паловай месяцы, некаторыя пасяджэнні праходзілі у закрытым рэжыме. Пратасевіч знаходзіўся пад хатнім арыштам (пад ім жа яго пакінулі пасля абвяшчэння прысуду). Ён апынуўся ў РБ пасля таго, як 23 траўня 2021 года ў Мінску прымусова пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, на якім ён ляцеў з Афінаў у Вільню. Раман Пратасевіч супрацоўнічаў са следствам і выкарыстоўваўся прапагандай. У апошнім слове ён заявіў, што прызнае палітычную паразу і папрасіў суд прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.