Справу шпіёнскай сеткі РФ у Польшчы, па якой праходзяць беларусы, перадалі ў суд

Шпіёнскую сетку выкрылі ў пачатку вясны

Шпіёнскую сетку выкрылі ў пачатку вясны / pap.pl

Справу расійскай шпіёнскай сеткі ў Польшчы перадалі ў суд, паведамляе pap.pl. Па ёй праходзяць 16 чалавек. Чацвёра з іх — грамадзяне Беларусі.

Расследаванне праводзілі Люблінскае аддзяленне Нацыянальнай пракуратуры і Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Удзельнікаў сеткі абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе і ў дзейнасці на карысць замежнай выведкі супраць інтарэсаў польскай дзяржавы. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пра затрыманне ў Польшчы групы людзей, якія падазраюцца ў шпіянажы на карысць Расіі, стала вядома 15 сакавіка 2023-га. Прапаганда ў РБ паведаміла, што былі затрыманыя не толькі расіяне, украінцы, але і трое беларускіх грамадзян, і назвала іх прозвішчы: Марыя Мядзведзева, Уладзіслаў Пасміцюха і Мікалай Маскаленка. Летам быў затрыманы 39-гадовы Міхаіл А., таксама грамадзянін РБ. Ён стаў 16-м удзельнікам шпіёнскай сеткі.

Сцвярджаецца, што затрыманыя ў студзені-сакавіку 2023 года ў розных рэгіёнах Польшчы, у тым ліку і ў Варшаве, збіралі інфармацыю пра аб'екты крытычнай інфраструктуры (асабліва іх цікавілі вайсковыя аб'екты і марскія парты). Даныя перадаваліся замоўцам з расійскай разведкі, за што атрымлівалі грошы. Таксама ўдзельнікі сеткі рыхтавалі дыверсіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі