"Спынілася сэрца". Яшчэ адна смерць срочніка ў Печах

"Спынілася сэрца". Яшчэ адна смерць срочніка ў Печах

За паўгода да смерці Аляксандра Коржыча ў той жа вайсковай часці №43064 у Печах загінуў яшчэ адзін вайсковец тэрміновай службы Аляксандр Статуеў. Па афіцыйных звестках, ён страціў прытомнасць у казарме на вачах саслужыўцаў — спынілася сэрца.

“18 лютага 2017 года падчас ранішняга пад’ёму, падчас пастраення асабістага складу ў 6 гадзін 05 хвілін ваеннаслужачы ўпаў, страціўшы прытомнасць, ­— падрыхтаваў адразу пасля здарэння “Звесткі аб гібелі Аляксандра Статуева” дзяжурны па 72 гв. АНЦ, падпалкоўнік Туміловіч. — Дзяжурны па навучальнай батарэі малодшы сяржант Нікіценка С.А. неадкладна выклікаў дзяжурнага лекара медыцынскай роты. У 6 гадзін 25 хвілін у падраздзяленне прыбыў дзяжурны лекар. Падчас агляду доктарам у ваеннаслужачага адсутнічала дыханне і сардэчная дзейнасць. Лекар аказваў рэанімацыйныя дзеянні да 6 гадзін 50 хвілін, пасля чаго канстатаваў смерць ваеннаслужачага. Папярэдні дыягназ — парушэнне сардэчна-сасудзістай дзейнасці”.

"Спынілася сэрца". Яшчэ адна смерць срочніка ў Печах

Амаль праз два тыдні пасля здарэння, 2 сакавіка,  прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Уладзімір Макараў каментуе смерць Аляксандра

“18 лютага, сапраўды памёр вайсковец.  Улічваючы, што прычына смерці не звязаная з праходжаннем ваеннай службы, па этычных прычынах, ваеннае ведамства гэты факт не каментуе”, - адзначыў Макараў жрналістам SB.BY.

Чаму смерць вайскоўца ў казарме падчас пастраення не звязана з праходжаннем ваеннай службы, прэс-сакратар не патлумачыў. Дарэчы, сітуацыю з Аляксандрам Коржычам спадар Макараў адмаўляўся каментаваць па тых жа “этычных прычынах”.

"Спынілася сэрца". Яшчэ адна смерць срочніка ў Печах

Тым часам старшы следчы другога следчага аддзялення Барысаўскага раённага аддзела Следчага Камітэта, маёр юстыцыі Матусевіч праводзіць праверку, але не знаходзіць прычын для ўзбуджэння крымінальнай справы. Следчы паведамляе пра гэта 18 сакавіка, роўна праз месяц пасля трагічнага здарэння. За дзень да гэтага судмедэксперт Сяргей Золін завяршае экспертызу і аддае яе вынікі:

“Смерць Статуева А. А. наступіла ад вострай сардэчнай недастатковасці па прычыне ішэмічнай хваробы сэрца ў спалучэнні з дробнаачаговым серозным міякардытам. Падчас даследавання на целе Статуева А. А. якіх-небудзь цялесных пашкоджанняў не выяўлена”.

 

"Спынілася сэрца". Яшчэ адна смерць срочніка ў Печах

Цікавае апісанне судмедэксперта таго, што было апранутае на хлопцы: зімовая ды летняя ніжнія сарочкі, зімовыя ды летнія кальсоны, камуфляжныя штаны і шкарпэткі. Больш нічога. Гледзячы па двайным камплекце бялізны, у казармах не вельмі цёпла. Пры гэтым падобна, што Аляксандр апранаўся пасля сну, але ў 6:05 да пастраення гатовы яшчэ не быў.  

"Спынілася сэрца". Яшчэ адна смерць срочніка ў Печах

“Верагодна, абумоўлена зменамі ўмоваў жыцця, рэжыму працы і адпачынку”

Атрымліваецца, што хлопца прызвалі ў войска з ішэмічнай хваробай сэрца!? Следчы таксама задаецца гэтым пытаннем і атрымлівае адказ ад Упраўлення аховы здароўя магілёўскага аблвыканкама. На момант прызыву Аляксандр Статуеў быў прызнаны прыгодным да службы ў войску з нязначнымі абмежаваннямі.  Пры гэтым абмежаванні абумоўленыя міжпазваночным астэахандрозам.

Пра праблемы з сэрцам Упраўленне аховы здароўя адказвае, што ў дзяцінстве ў Аляксандра Статуевамела месца артэрыяльная гіпертэнзія пубертатнага перыяду, якая не мела патрэбы ў прыёме прэпаратаў”. Але па выніках неаднаразовых абследаванняў спецыялістаў “у тым ліку і кардыёлага, паталагічных зменаў не знойдзена”.

Медыкі некалькі разоў звяртаюць увагу на тое, што дзеянні прызыўной медкамісіі не выходзілі за межы заканадаўства і дадаюць:

“Захворванне (ішэмічная хвароба сэрца) у Статуева А. А. развілася востра, без скаргаў кардыялагічнага характару падчас службы ў шэрагах Узброеных Сіл, і праявілася ў выглядзе ўстойлівых спазмаў каранарных артэрый, верагодна, абумоўленае зменамі ўмоваў жыцця, рэжыму працы і адпачынку, значным павелічэннем фізічных нагрузак”.

"Спынілася сэрца". Яшчэ адна смерць срочніка ў Печах

Аляксандра Статуева прызвалі 24 лістапада 2016 года. Атрымліваецца, што менш, чым за тры месяцы ў хлопца развіваецца сур’ёзнае захворванне, якое праходзіць без сімптомаў і скаргаў на здароўе. За месяц да смерці, з 13 па 19 студзеня Аляксандр ляжыць з ангінай у медчастцы, але і ў гэты час хлопец не скардзіцца на праблемы з сэрцам, не заўважаюць іх і дактары.

“Яго запрашалі ў міліцыю на працу, — распавядае Еўрарадыё крыніца, блізкая да загінулага вайскоўца. — Атрымліваецца, што перад самым прызывам ён прайшоў медкамісію ў паліклініцы МУС, і быў цалкам прыгодны. Ён суткі насіў адмысловы прыбор, які аўтаматычна вядзе бесперапынную рэгістрацыю электракардыяграмы. Ён быў прыгодны для службы ў МУС, але перадумаў. Таму, калі сапраўды нешта здарылася з сэрцам, то толькі праз тое, што яго заганялі і не давалі адпачываць”.

У моргу, калі сваякі аглядалі цела, ніякіх слядоў пабоеў заўважна не было. “Але гэта быў візуальны агляд, пераканання, што ён не быў загрымаваны, няма”, — кажа крыніца.

“Адзінае, сын казаў, што нестатутныя адносіны, а больш нічога не казаў”

Маці ад сына пра дзедаўшчыну не чула нічога:

“Сын ніколі мне ні на што не скардзіўся, — кажа Лілія Статуева. — Бо ён мяне шкадаваў. Заўсёды казаў: усё, мама, добра! Наконт грошай — таксама, не шмат я яму давала. 20 рублёў, калі ездзіла на прысягу, і ў Печы да яго ездзіла таксама, 20 рублёў дала. На картцы яшчэ былі грошы, але ён іх не ўсе патраціў. Ён у мяне ніколі нічога не прасіў! Таму не буду браць грэх на душу і казаць пра дзедаўшчыну. Адзінае, ён казаў, што нестатутныя адносіны, а больш нічога не казаў. Я не ведаю, што і думаць”.

Дзяўчына, з якой Саша сябраваў падчас вучобы ў ВНУ, не верыць сардэчны прыступ. На яе погляд, прычына можа быць у характары хлопца. 

"Не веру ў звычайную смерць па хваробе, - гаворыць аднагрупніца Аляксандра. - Мы правучыліся разам 5 гадоў, ну не было ў яго ніколі праблем са здароўем. Саша не паліў і не піў спіртнога, вага ў норме, адкуль што? Ён тэлефанаваў мне з войска, скажу з упэўненасцю, што служыць яму там не падабалася. Ён не скардзіўся, але па голасе зразумела ж, казаў "нуууу так сабе служыцца", я яго падбадзёрвала, казала, што калі адслужыць абавязкова сустрэнемся, пагуляем групай і гэтак далей. (Ён адразу ж рабіўся больш вясёлым)... Доўга мы не маглі гаварыць, таму і расказаць нешта не паспяваў... Адзінае, так, характар у яго такі, што не кожны зразумее, не назаву канфліктным, але мог ён адказаць так, што не спадабалася б, калі закрануць яго. Калі я яго пыталася, моцна ганяюць ці не, адказваў, што так сабе, не казаў, што складана".

Пасля гібелі ў Печах Аляксандра Коржыча старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч запатрабаваў для дадатковай праверкі ўсе матэрыялы па фактах смерці і нанясенні цялесных пашкоджанняў ваеннаслужачым за апошнія шэсць гадоў. Не засталася без увагі і справа Аляксандра Статуева, праверка па справе адноўленая 10 кастрычніка. Але весці яе даручаюць таму ж маёру юстыцыі Матусевічу Г.Е., які раней ужо не знайшоў прычын для ўзбуджэння крымінальнай справы. 

На наступны дзень, 11 кастрычніка следчы даручае Цэнтральнай ваенна-ўрачэбнай камісіі Узброеных сіл РБ правесці пасмяротную ваенна-ўрачэбную экспертызу. Яе мэта — даведацца, ці пакутаваў Аляксандр Статуеў на  нейкія захворванні падчас прызыву ў войска, ці быў насамрэч прыгодны для службы і ці не памыліліся дактары падчас абследавання хлопца. То бок, усё тое, што спадар Матусевіч некалькі месяцаў таму ўжо прасіў зрабіць упраўленне аховы здароўя магілёўскага аблвыканкама. А яшчэ праз дзень, 12 кастрычніка следчы Матусевіч прыпыняе праверку, пакуль не будуць гатовыя вынікі экспертызы. Ні слова пра дзедаўшчыну ці паўторную суд-медэкспертызу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі