Стала вядома, у чым вінавацяць кіраўніцтва моўных курсаў Streamline
Моўная школа Streamline
Кіраўніцтва школы Streamline вінавацяць у незаконным карыстанні падатковымі льготамі. Сюжэт пра гэта выйшаў увечары 26 снежня на тэлеканале АНТ.
"Замест таго, каб працаваць у прававым полі, дырэктар кампаніі, падаючы сваю дзейнасць як некамерцыйную, незаконна карыстаўся падатковымі льготамі. Атрымаўшы звыш 95 млн рублёў выручкі, уласнік Streamline за 13 гадоў заплаціў менш за 60 тысяч рублёў падаткаў", — кажуць у сюжэце.
У Камітэце дзяржкантролю заяўляюць, што ўстанова была зарэгістраваная як некамерцыйная, таму падатковымі льготамі карысталася незаконна.
"У якасці асноўнай мэты дзейнасці ўстановы з'яўлялася атрыманне прыбытку. Такім чынам, кампанія фактычна з'яўлялася камерцыйнай арганізацыяй, і не магла карыстацца льготамі па ПДВ і падатку на прыбытак", — кажа намеснік начальніка ўпраўлення ДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці і горадзе Мінску Валерый Шчарбун.
Паводле яго, выручка ад адукацыйных паслуг Streamline "выводзілася на падкантрольныя ўласніку школы замежных моў камерцыйныя суб'екты гаспадарання, у тым ліку ў выглядзе пазык, якія ў далейшым выкарыстоўваліся на прадпрымальніцкія мэты".
Агулам улады налічылі больш за 17 мільёнаў рублёў нявыплачаных падаткаў за кошт нібыта неправамернага выкарыстання льготаў.
Кіраўніку фірмы Эдуарду Цалюку з жонкай закідаюць некалькі спосабаў вываду грошай з рахунку, у тым ліку выдачу безадсоткавых крэдытаў як індывідуальным прадпрымальнікам, так і афіляванай арганізацыі.
Цяпер моўныя курсы Streamline знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі. На яе кіраўніка і заснавальніка, які пакінуў Беларусь, пачалі крымінальную справу.
У тэлесюжэце паведамляецца, што запазычанасць па заробках работнікам школы нібыта закрылі за кошт арыштаваных актываў кампаніі. Кліентам, якія ўнеслі перадаплату за заняткі ў Streamline і не змаглі іх наведваць, грошы таксама вярнулі.
Аб праблемах найбуйнейшай у Беларусі школы замежных моваў Streamline Language School, заснаванай у 1998 годзе, стала вядома ў кастрычніку. На офісе адбыўся ператрус, рахункі школы былі заблакаваныя, унутраныя серверы кампаніі — адключаныя. Пасля гэтага кампанія падала на ліквідацыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.