Сталі вядомыя ўсе чвэрцьфіналісты чэмпіянату Беларусі па хакеі

Матч "Лакаматыў" — "Хімік"

Матч "Лакаматыў" — "Хімік" / ХК "Лакаматыў"

5 сакавіка сталі вядомыя ўсе восем камандаў, якія вышлі ў чвэрцьфінал плэй-оф у хакейнай экстралізе Беларусі.  

Раней па выніках рэгулярнага чэмпіянату пуцёўкі ў чвэрцьфінал хакейнага першынства краіны атрымалі шэсць наймацнейшых камандаў — мінскае "Юнацтва", "Віцебск", гродзенскі "Нёман", "Гомель", жлобінскі "Металург" і "Дынама-Маладзечна".

Тыя, хто заняў у турніры месцы з сёмага па дзясятае, удзельнічалі ў раўндзе плэй-ін — гулялі да дзвюх перамог.

Напярэдадні "Брэст" выйграў у смаленскага "Славуціча" з лікам 3:1, завяршыўшы трохматчавую серыю. Першы матч брастаўчане выйгралі (3:1), а другі прайгралі (перамога расіян у авертайме — 4:3).

Спаборніцтва паміж аршанскім "Лакаматывам" і наваполацкім "Хімікам" таксама расцягнулася на тры матчы. Спярша перамаглі аршанцы (1:0, авертайм), потым новапалачане зраўнялі лік у серыі (5:1). Але ў сённяшняй гульні "Лакаматыў" упэўнена ўзяў верх — 4: 1.

У чвэрцьфіналах плэй-оф сустрэнуцца наступныя пары: "Юнацтва" — "Лакаматыў", "Віцебск" — "Брэст", "Нёман" — "Дынама-Маладзечна", "Гомель" — "Металург". Серыі пройдуць да чатырох перамог. У трох папярэдніх розыгрышах Экстралігі пераможцам станавіўся жлобінскі "Металург".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.