Суд дапытаў Паліенку: абвінавачванне ліпавае, гатовы прайсці дэтэктар хлусні

Зміцер Паліенка / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Зміцер Паліенка / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

У Мінскім гарадскім судзе працягваецца судовы разбор у дачыненні да анархіста Змітра Паліенкі. Яго абвінавачваюць па частцы 3 артыкула 339 КК (злоснае хуліганства). Па версіі абвінавачвання, вечарам 13 сакавіка ў адным з пад'ездаў дома па вуліцы Гурскага Зміцер Паліенка распыліў пярцовы газ у вочы Аляксею Юрыну. За тое, што той зрабіў Паліенку заўвагу наконт курэння ў пад'ездзе.

Сёння ў судзе дапыталі абвінавачванага Змітра Паліенку. Перад дачай паказанняў ён заявіў, што лічыць абвінавачванне ліпавым, таму моцна перажывае. Свае паказанні ён зачытваў з аркуша. "Усё сказанае мной я гатовы пацвердзіць пад паліграфам", — сцвярджае абвінавачваны.

Па словах Паліенкі, 13 сакавіка ён сустрэўся з Андрэем Войнічам (ён ужо даваў паказанні ў судзе ў якасці сведкі), каб схадзіць з ім у скурна-венералагічны дыспансер, дзе прыяцель раней працаваў:

"У мяне ёсць захворванне — дэрматыт, — і мне неабходна было ўзяць скабы, здаць аналіз, бо я перажываў, што гэта можа быць грыбок".

Калі Паліенка здаў аналіз, маладыя людзі вырашылі зайсці да Войніча па яго хатнюю настойку. Менавіта там і адбыўся канфлікт паміж Паліенкам і Юрыным. Абвінавачваны падкрэсліў, што яны з прыяцелем у момант канфлікту былі цвярозыя.

"Беспрычынна, нічога не кажучы, ударыў мяне ў вобласць левага вуха"

Калі яны ўвайшлі ў дом, Войніч сам зайшоў у кватэру, а Паліенку папрасіў пачакаць яго ў пад'ездзе. Перад тым як пайсці, па словах Паліенкі, Войніч папярэдзіў яго, што курыць і смеціць у пад'ездзе нельга. Такія ж паказанні даваў і сам Войніч.

"Праз хвіліну ці дзве ў пад'езд зайшоў мужчына ў чорным паліто і не спяшаючыся пачаў падымацца ўгору па лесвіцы. Па хадзе я зразумеў, што мужчына быў моцна п'яны. Было відаць, што ён быў вельмі злы, нахмураны, чымсьці незадаволены. Я адчуў пах перагару. ён стаў падымацца наверх, абышоў мяне. Спыніўся на трэцяй прыступцы, павярнуўся да мяне і спытаў, ці еду я. Я адказаў, што не. Далей ён нецэнзурна спытаў, што я тут раблю, на што я адказаў, што чакаю сябра. Мужчына падышоў да мяне ушчыльную — я стаяў у самым куце — і беспрычынна, нічога не кажучы, ударыў мяне ў вобласць левага вуха. У мяне звалілася шапка [з галавы]. Далей у мяне спрацаваў інстынкт самазахавання. Бачачы, што мужчына другі раз на мяне замахнуўся, я быў вымушаны ўжыць сродак самаабароны, таму што баяўся за сваё жыццё і здароўе. На адлегласці 20-30 сантыметраў накіраваў пярцовы балончык да твару мужчыны і пшыкнуў. Ён схапіўся за вочы, пачаў мацюкацца і выказваць пагрозу ў мой адрас. Каб пазбегнуць далейшых канфліктаў, я выйшаў на вуліцу і паведаміў пра інцыдэнт Войнічу".

Калі Паліенка патэлефанаваў таварышу, той ужо спускаўся па лесвіцы ўніз. "Войніч спусціўся ўніз, забраў мяне, мы зноў увайшлі ў пад'езд. Там ён звярнуўся да мужчыны і сказаў: "Лёша, навошта ты кідаешся на людзей?" Так я зразумеў, што ён ведае гэтага чалавека. Мы выйшлі з пад'езда", — расказаў абвінавачваны.

Пасля Паліенка даведаўся, што пацярпелы Аляксей Юрын — сусед Войніча.

"Хачу адзначыць важныя для суда рэчы: чалавек быў п'яны, злы, буйнога целаскладу, накінуўся на мяне беспрычынна. І калі б я не абараняў сябе, наступствы маглі б быць трагічнымі. У мяне былі ўсе падставы баяцца за сваё жыццё і здароўе. Пярцовы балончык я заўсёды нашу з сабой з 2012 года. Пра гэта ведаюць усе мае сваякі і сябры. Пасля ўжывання сродку самаабароны — не зброі — я не прымяняў да псеўдапацярпелага больш фізічнай сілы, удараў не наносіў, ніякіх абраз у яго адрас не выказваў. Я чалавек пацыфісцкіх поглядаў, не прымаю гвалту, заўсёды пазбягаю боек і канфліктных сітуацый.

У кабінеце ў следчага я папрасіў прабачэння ў Юрына за дастаўленыя яму нязручнасці. Аднак там жа і заявіў, што ў мяне не было іншага выйсця. Хуткую дапамогу ён выклікаць не прасіў".

"Мы яго, шчанюка, пасадзім, а ты яшчэ кампенсацыю зрубіш"

Паліенка сцвярджае, што яму было "немэтазгодна закурваць у пад'ездзе", таму што яго таварыш пайшоў у кватэру на пару хвілін. Да таго ж, кажа абвінавачваны, яму цяжка курыць у замкнёных памяшканнях з-за бранхіяльнай астмы.

"Мне не было цяжка выйсці з пад'езда і закурыць", — падсумоўвае актывіст.

На думку Паліенкі, пацярпеламу версію пра курэнне ў пад'ездзе прапанавалі супрацоўнікі міліцыі, якія папярэдне прыехалі да яго дадому.

"Калі на апазнанні нас з Юрыным выводзілі праз чорны ўваход са Следчага камітэта, я бачыў, як адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК, які мяне затрымліваў, паціскаў Юрыну руку і казаў, цытую: "Мы яго, шчанюка, пасадзім, а ты яшчэ кампенсацыю зрубіш". Хачу адзначыць, што калі б я курыў, як сцвярджае Юрын, то чаму тыя недакуркі не далучылі да матэрыялаў справы? Таму што іх там не было!".

Прысуд Дзмітрыю Паліенку агучаць 25 кастрычніка ў 12.30.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі