Сусветныя СМІ: Лукашэнка рыхтуе сваім пераемнікам малодшага сына Колю
Сапраўдны рэзананс у сусветных СМІ выклікала прысутнасць малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая ў залі Генеральнай Асамблеі ААН. Аналітыкі розных выданняў прыводзяць меркаванні, чаму кіраўнік Беларусі бярэ свайго 11-гадовы сына на працу.
Брытанская газета The Guardian піша, што Лукашэнка рыхтуе малодшага сына да “ролі пераемніка”.
“Аўтарытарны лідар прывёў свайго 11-гадовага сына на Генеральную Асамблею ААН, каб той на ўласныя вочы пабачыў тонкасці міжнароднай дыпламатыі.
Седзячы паміж міністрам замежных спраў і прэс-сакратаром прэзідэнта, Коля ўважліва назіраў з галерэі, як яго бацька асудзіў ваенныя інтэрвенцыі Захаду на Блізкім Усходзе”, — піша брытанскае выданне
Французскі часопіс L'édition du soir на сваіх старонках таксама распавядае пра вандроўкі маленькага спадарожніка Аляксандра Лукашэнкі. Задаўшыся пытаннем, навошта кіраўнік Беларусі робіць гэта, часопіс адказвае цытатай Міхаіла Гарбачова:
“Ён паўсюль водзіць свайго сына за руку, бо рыхтуе яго сваім пераемнікам, быццам Беларусь — каралеўства”.
Іншае брытанскае выданне, ВВС, таксама прытрымліваецца падобнага меркавання, і піша пра тое, што выпадак з наведваннем Генасамблеі — не адзінкавы. Коля суправаджаў свайго бацьку падчас парада перамогі ў Пекіне, падчас візіту ў Арабскія Эміраты і Пакістан.
Выданне адзначае, што некаторыя крытыкі пачалі турбавацца, што “колькасць такіх мерапрыемстваў уплывае на адукацыю хлопчыка”.
Матэрыял пра тое, што малодшы сын кіраўніка Беларусі прысутнічае падчас амаль усіх важных візітаў з’явіўся і на сайце сербскага тэлебачання B92.
“Падчас парада ў Пекіне, хлопчык нават меў магчымасць паразмаўляць з прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам і яго жонкай Драгіцай”, —паведамляецца на сайце.
Амерыканскія медыя таксама зацікавіла асоба 11-гадовага хлопчыка на Генасамблеі. Напрыклад, выданне Globalpost піша:
“Грамадзянская вайна, тэрарызм, міграцыйны крызіс — галоўныя пытанні, якія гучалі на Генасамблеі ААН, наўрад ці могуць быць цікавымі дзіцяці.
Але ў панядзелак, кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, здаецца, вырашыў даказаць адваротнае”.
Выданне распавядае, што некаторыя аглядальнікі ўжо называюць маленькага сына лукашэнкаўскім “міні-я” ці “дыктатарам у працэсе навучання”.
З’яўленне Мікалая Лукашэнкі ў Нью-Ёрку зацікавіла і азіяцкую прэсу. Асаблівы рэзананс гэта выклікала на Шры Ланцы, дзе тамтэйшы прэзідэнт наадварот хавае свайго сына. Мясцовая газета Colombo Telegraph параўноўвае фотаздымкі сваёй і беларускай дэлегацыі ў Нью-Ёрку.
Пра маленькага Колю пішуць і ў Паўднёвай Амерыцы. Перуанскае выданне Diario Correo адзначае:
“Дзіўная сцэна — бачыць дзіцё, якое сядзіць на 70 Генеральнай асамблеі ААН, прывабліваючы позіркі. […] Існуе здагадка, што такім чынам Лукашэнка адукоўвае сына, каб пасля саступіць яму месца, хоць сам Лукашэнка адмаўляе гэта абвінавачванне”.