Сувязі з палітзняволенай Аленай Гнаук няма са студзеня
Алена Гнаук
Са студзеня 2024 года няма сувязі з 67-гадовай палітзняволенай актывісткай з Пружанаў Аленай Гнаук. Пра гэта журналістка Яўгенія Доўгая распавяла сайту BGmedia.
Паведамляецца, што Алене Гнаўк мусілі зрабіць аперацыю на кішэчніку, бо там з'явіліся новаўтварэнні. Такія аперацыі робяць у Гомельскай жаночай калоніі №4, куды і мусілі адвезці палітзняволеную. Але дагэтуль невядома, ці зрабілі ёй гэтую аперацыю.
Алену Гнаук з 2020 года затрымлівалі і арыштоўвалі 17 разоў і аштрафавалі на 173 базавыя велічыні. Яе судзілі па "карагоднай справе" ў Брэсце, а таксама за абразу Лукашэнкі і за "дыскрэдытацыю Беларусі". Паводле апошніх абвінавачванняў пенсіянерцы прысудзілі 3,5 года калоніі агульнага рэжыму.
Адміністрацыя Гомельскай калоніі №4, дзе Гнаук адбывала пакаранне, інцыявала новую крымінальную справу — нібыта, за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі". Па гэтай справе жанчыне дадалі яшчэ год калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.