Таксоўкі і маршруткі, не зарэгістраваныя ў дзяржрэестры, будуць канфіскоўваць
Маршрутка, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі будуць канфіскоўваць таксоўкі і маршруткі, не ўключаныя ў рэестр аўтамабільных перавозак. Пра гэта 15 лютага паведаміў начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтрансу Андрэй Гладкі.
"Калі аўтамабільны перавозчык, транспартны сродак не будуць уключаныя ў рэестр, ажыццяўляная ім дзейнасць будзе з'яўляцца забароненай. Што гэта цягне за сабой далей? У судоў з'яўляюцца ўсе падставы канфіскаваць транспартныя сродкі ў перавозчыкаў у даход дзяржавы", — заявіў прадстаўнік Мінтрансу.
Кампаніі, у якіх забяруць транспарт, будуць аўтаматычна пазбаўленыя магчымасці вярнуць яго пасля выплаты штрафу.
Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў пачне дзейнічаць у Беларусі з 1 жніўня. Да 1 лістапада ў ім абавязаныя зарэгістравацца ўсе дыспетчары, кіроўцы і транспартныя сродкі кампаній, якія плануюць надалей працаваць у сферы нерэгулярных пасажырскіх перавозак. Хто не зарэгіструецца своечасова, застанецца без аўтамабіляў.
Канфіскоўваць у перавозчыкаў аўтамабілі і аўтобусы транспартная інспекцыя пачала ў 2023 годзе. Агулам летась канфіскавалі 280 аўтамабіляў. Аднак уладальнікі маглі вярнуць іх сабе пасля выплаты штрафаў і працягваць працаваць далей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.