Сем чалавек шпіталізаваныя пасля аварыі з маршруткай пад Віцебскам
Аўтааварыя з маршруткай
Зранку 12 лютага каля вёскі Курына Віцебскага раёна ў аварыю трапіла маршрутка з пасажырамі. Як паведамляе тг-канал "Здравоохранение Витебщины", на месцы здарэння працавалі тры брыгады хуткай медыцынскай дапамогі.
Як удакладняе ДАІ, маршрутка вярталася з сустрэчнай паласы на сваю. Пры гэтым 62-гадовы кіроўца сутыкнуўся з МАЗам, які рухаўся ў спадарожным кірунку.
У віцебскія клінікі былі дастаўленыя сем пасажыраў маршруткі. Трох чалавек шпіталізавалі ў абласную клініку, чатырох — у клініку хуткай меддапамогі. Паведамляецца, што ў пацыентаў — спалучаныя траўмы: чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, удары, ранкі мяккіх тканак твару. Стан пацыентаў ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці.
Дзяцей сярод пацярпелых няма.
Аўтааварыя з маршруткай / віцебская ДАІ
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.