Толькі ЗША могуць утрымаць Расію ад новага нападу на Украіну — Кір Стармер

Кір Стармер

Кір Стармер / AP

У Парыжы 17 лютага адбыўся саміт лідараў еўрапейскіх краін. У перамовах бралі ўдзел лідары Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Даніі, Польшчы, Нідэрландаў, а таксама кіраўнікі NATO і ЕС.

Сустрэча прайшла напярэдадні перамоваў адміністрацыі прэзідэнта ЗША з прадстаўнікамі Масквы па вайне ва Украіне. Пра канкрэтныя рашэнні па выніках сустрэчы не паведамлялася, але ў ЕС і NATO заявілі, што неабходна больш інвеставаць у абарону і даць Кіеву надзейныя гарантыі бяспекі, перадае ВВС.

Па выніках сустрэчы генсакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што еўрапейскія краіны гатовыя ўкладаць больш грошай у бяспеку рэгіёну: "Гатовы і поўныя жадання. Такое маё меркаванне пра сённяшнюю сустрэчу ў Парыжы. Еўропа гатовая і хоча зрабіць крок наперад. Узначаліць прадастаўленне гарантый бяспекі для Украіны. Гатовыя ўкладваць значна больш сродкаў у нашу бяспеку. Дэталі яшчэ трэба вызначыць, але абавязанні зразумелыя".

Пра такія ж намеры паведаміў і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Таксама ён сказаў, што пасля перамоваў стэлефанаваўся з прэзідэнтамі ЗША і Украіны — Дональдам Трампам і Уладзімірам Зяленскім.

Брытанскі прэм'ер-міністр Кір Стармер пасля саміту ў Парыжы заявіў, што на наступным тыдні адправіцца ў ЗША. Ён плануе абмеркаваць з Трампам "ключавыя элементы доўгатэрміновага міру". Паводле Стармера, цяпер "на карту пастаўленая не толькі будучыня Украіны, але і пытанне існавання Еўропы ў цэлым". На думку кіраўніка брытанскага ўрада, толькі гарантыі бяспекі з боку зША здольныя ўстрымаць Расію ад новага нападу на Украіну.

"У цяперашні момант мы павінны прызнаць, што ўступаем у новую эру, і перастаць безнадзейна чапляцца за камфорт мінулага. Час узяць на сябе адказнасць за нашу бяспеку, за наш кантынент", — дадаў Стармер. Ён паўтарыў, што разгледзіць магчымасць размяшчэння брытанскіх войскаў ва Украіне ў выпадку заключэння мірнага пагаднення.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.