"Ты гуляеш, а ў вас такі кліп": Стыльскі пра "экстрэмізм" відэа "Дай Дарогу!"
Юрый Стыльскі / асабісты архіў
Кліп "Дай Дарогу" "Баю-Бай" хочуць прызнаць экстрэмісцкім. Паводле "экспертнага заключэння", ролік зняты з мэтай "дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структур".
"Я аўтар песні. У ёй, наадварот, гавару пра моцны кулак нашай дзяржавы. У кожным разе, калі ад ГУБАЗіКа прыйшлі такія дакументы, кліп прызнаюць экстрэмісцкім. Яны хочуць павесіць на мяне яго стварэнне або даказаць, што я быў заказчыкам гэтага кліпа. Але я такім не ёсць", — кажа лідар гурта Юрый Стыльскі ў размове з Еўрарадыё.
Суд аб прызнанні кліпа экстрэмісцкім пачнецца ў судзе Ленінскага раёна Брэста 5 жніўня. Па словах Юрыя, калі "пытанне будзе стаяць рубам, жыццё будзе ў небяспецы", групе давядзецца "закрыць" кліп:
"Нам трэба будзе папярэдзіць усіх, каб папрыбіралі гэты кліп, а мы на час закрыем. Каб засцерагчы людзей ад небяспекі, невядома, чым гэта можа скончыцца".
Юра кажа, што запрашэнне ў суд не стала для яго сюрпрызам:
"Мне ўсе казалі, Юра, ты тут гуляеш, а ў вас такі кліп. Цяпер чалавек намаляваў сінія рукі на палатне, і да яго прыйшлі. А тут такі кліп, гэта чакана".
Кліп "Баю-Бай" быў апублікаваны 18 ліпеня 2020 года на ютуб-канале "Дай Дарогу!". Ён стаў рэакцыяй гурта на тое, што адбывалася ў час перадвыбарнай кампаніі ў Беларусі ў 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.