У 2016 годзе Беларусь прадала ААЭ тры тоны ікры, а Катару — 11 сукенак
Аляксандр Лукашэнка наведвае з афіцыйным візітам Катар і з працоўным — Арабскія Эміраты.
"Добрыя перспектывы для развіцця супрацоўніцтва ёсць і ў галінах дрэваапрацоўкі, паставак прадуктаў харчавання. Па гэтых напрамках у Катара ёсць вялікая цікавасць да Беларусі", — падкрэсліваецца на сайце кіраўніка нашай краіны.
Пры гэтым у 2015 годзе Катар нічога не набывае з беларускіх прадуктаў. Сёлета — толькі 4 дазіметры, 11 сукенак, штучныя кветкі (сукенкі і кветкі абышліся ў 200 долараў), крышталь і калійныя ўгнаенні да 365 тысяч долараў.
Арабскі шэйх Мухамад бэн Заід аль-Нахаян і Аляксандр Лукашэнка падвялі "вынікі рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас папярэдніх сустрэч.
"Беларусь у сваю чаргу зацікаўленая ў нарошчванні паставак на рынак ААЭ ў сектарах з канкурэнтнымі перавагамі. Гэта прадукты харчавання, прадукцыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. Дадзеныя віды тавараў вельмі цікавяць і эмірацкі бок".
Праўда, з "драўнянымі" прадуктамі шэйхі, відаць, вырашылі пачакаць. І пакуль "налеглі" на беларускія... рыбныя прадукты. Сёлета ў нас купілі філе вэнджанага ласося на 12 тысяч долараў, 16 тон селядца на 66 тысяч, 3 тоны замяняльніка ікры на 45 тысяч, крэветак на 5 тысяч, мідый на 500 долараў, кансерваваных мідый на 900 долараў. А яшчэ тварагу і сыроў на 50 тысяч і мінералкі на 300 долараў.
Што яшчэ з беларускіх прадуктаў варта прапанаваць набыць арабскім шэйхам — пытаемся ў мінакоў на вуліцах Мінска. Часцей за ўсё чуем пра касметыку Belita і малочныя вырабы "Савушкінага прадукту". А яшчэ — пра бульбу, "закаткі" і трыкатаж:
"На тое, чаго яны не вырабляюць, попыт і будзе. З прадуктаў — бульба, гародніна і "закруткі", натуральна, малочныя прадукты. З тавараў — вопратка фабрык "Купалінка" і "Світанак", — кажа жанчына сталага веку.
Моладзь, як звычайна, троліць:
"Можа быць вопратка, можа, для мабілаў чахлы з "Пагоняй". У іх жа няма, а айфоны там таннейшыя, чым у нас".