У Батумі адкрываюцца беларускія школы

Беларуская школа ў Батумі

Беларуская школа ў Батумі / budzma.org

У Батумі з 16 кастрычніка пачне працаваць беларуская школа. Дзеці ў гэтай школе змогуць вучыцца па школьнай праграме на беларускай мове і атрымаць грузінскі атэстат, расказвае рэсурс "Будзьма" са спасылкай на ініцыятара стварэння беларускамоўных школ Аксану Акуневіч. Яна таксама кіруе ў Батумі Шматфункцыянальнай беларускай прасторай "аКсяродак".

Беларуская школа будзе працаваць на базе ўжо наяўнай у Батумі прыватнай грузінска-французскай школы. Адкрыць самастойную школу не атрымалася — "звычайна такое адкрыццё ініцыююць не прыватныя асобы, а дзяржава, і перамовы па гэтым пытанні доўжацца гады тры ў лепшым выпадку", — тлумачыць Аксана. Ужо сфармаваліся самыя запатрабаваныя класы — з першага па шосты. Заняткі для старшакласнікаў магчымыя, але пакуль у індывідуальным парадку.

Навучанне па-беларуску будзе праходзіць у двух месцах: тры разы на тыдзень — па панядзелках, серадах і пятніцах — у прасторы "аКсяродак", у астатнія дні — у памяшканні грузінска-французскай школы. У "аКсяродку" дзяцей будуць вучыць беларускай мове, чытанню, матэматыцы, беларускай і сусветнай культуры. Усе заняткі будуць праходзіць на беларускай мове.

"Аўторак і чацвер — гэта заняткі ў грузінскай школе. Там будзе дзве гадзіны грузінскай мовы, гадзіна французскай мовы і яшчэ адна гадзіна — шахматы", — расказвае Аксана. Яна адзначае, што ў грузінскай школе шахматы — абавязковы прадмет. "У другі дзень замест шахмат будзе гадзіна аб'яднанага ўрока музыкі, фізкультуры і мастацтва. Там будуць выкладацца грузінская культура, грузінскія танцы, часткова фізкультура", — тлумачыць аўтарка праекта.

Навучанне ў школе будзе платнае. Месяц абыйдзецца ў 500 лары (каля 200 долараў). “Як бы мы не круцілі, 500 лары — гэта на сёння мінімальны кошт. У далейшым мы паспрабуем зменшыць, але цяпер так", — кажа ініцыятарка стварэння беларускай школы. Сама Аксана — выкладчыца фізікі і інфарматыкі. Ужо ёсць выкладчык біялогіі, выкладчыкі гуманітарных навук.

Акрамя таго, з суботы ў Батумі пачынае працаваць беларуская школа выхаднога дня. Гэтая школа будзе бясплатнай і будзе працаваць у дзве змены. У ёй чакаюць дзяцей ад 5 да 18 гадоў. У гэтую школу на сёння, па словах Аксаны, падалі ўжо больш за 50 заявак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі