У Беларусі пачынаецца істотнае пацяпленне
Тэмпература паветра на бягучым тыдні перавысіць кліматычную норму на 3-8 градусаў.
Цёпла і вільготна будзе ў Беларусі на бягучым тыдні. Такое надвор'е не адпавядае сярэдзіне снежня. Тэмпература паветра перавысіць кліматычную норму на 3-8 градусаў цяпла. Пра гэта БЕЛТА паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.
У аўторак, 16 снежня, амаль па ўсёй Беларусі прагназуюцца невялікія ападкі — мокры снег і дождж. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 1 да плюс 4 градусаў, удзень — 1-6 цяпла.
У сераду таксама чакаюцца ападкі, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. У начныя гадзіны тэмпература паветра складзе ад 2 марозу да 3 градусаў вышэй за нуль, у дзённыя — ад 0 да 5 цяпла.
У чацвер, 18 снежня, прагназуецца мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж. На паўночным захадзе месцамі вецер узмоцніцца да 15-18 метраў за секунду. Уначы тэмпература паветра складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў, удзень — 1-6 цяпла.
Самым цёплым днём тыдня будзе пятніца. Калі ўначы прагназуецца ад 0 да 5 цяпла, дык удзень — 2-9 градусаў вышэй за нуль. Амаль па ўсёй тэрыторыі нашай краіны пройдуць дажджы. Месцамі будзе моцны вецер, з парывамі да 15-18 метраў за секунду.
У суботу, 20 снежня, надвор'е істотна не зменіцца. Максімальная тэмпература паветра ў дзённыя гадзіны складзе 7 градусаў вышэй за нуль (на поўдні Беларусі).
Фота — bymedia.net