У Беларусі праз суд ліквідуюць праўладную "патрыятычную партыю"

Мікалай Улаховіч / З архіва Еўрарадыё
Мікалай Улаховіч / З архіва Еўрарадыё

У Беларусі праз суд ліквідуюць праўладную "патрыятычную партыю". Яна аказалася непатрэбная ў новай сітуацыі. Іск у Вярхоўны суд падаў Мінюст. Справу аб ліквідацыі Беларускай патрыятычнай партыі збіраюцца разгледзець 24 ліпеня.

Згаданая партыя ўтварылася ў 1996 годзе з "актыўных прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі". Кіраўніком БПП з'яўляецца былы кандыдат у прэзідэнты (на выбарах 2015-га), экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў (быў у "палатцы" ў 2016-2019-х гадах), 71-гадовы "атаман" Мікалай Улаховіч.

У Беларусі існавалі 15 палітычных партый. Аднак рэжым Лукашэнкі вырашыў "зачысціць" апазіцыйныя (і не толькі) партыі, для чаго арганізавалі "перарэгістрацыю". На сённяшні дзень пасведчанні атрымалі Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Зарэгістраваная і новая праўладная партыя — "Белая Русь". Апазіцыйныя партыі перарэгістрацыю не прайшлі ці ўвогуле не падавалі ў Мінюст дакументы. Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка яшчэ ў лютым 2023-га "прадбачыў", што "колькасць партый зменшыцца да 3-4".

Беларускай партыі "Зялёныя" і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) адмовілі ў перарэгістрацыі. "Зялёным" і Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мінюст прапаноўваў самаліквідавацца. А пасля чыноўнікі пачалі падаваць іскі ў Вяхоўны суд аб ліквідацыі партый. 20 ліпеня ў Вярхоўным судзе РБ будзе разгледжаны іск Мінюста аб ліквідацыі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі