У Беларусі яшчэ восем чалавек прызналі палітвязнямі
Колькасць палітвязняў павялічваецца
У Беларусі яшчэ восем чалавек прызналі палітвязнямі. Гэта — Ірына Клязовіч, Марына Гацура, Віктар Нікіфараў, Надзея Лескавец, Ірына Пагадаева, Глеб Дудко, Жанна Дашкевіч і Ілля Гумбар. Клязовіч узятая пад варту паводле абвінавачвання ў "фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці" (за данаты), а Гацура — па абвінавачванні ў "падтрымцы экстрэмісцкай дзейнасці" (па выніках затрыманняў, звязаных з ініцыятывай дапамогі палітвязням). Нікіфараў асуджаны за ахвяраванне беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі, да 5 гадоў калоніі. Лескавец, Пагадаева, Дудко і Гумбар узятыя пад варту паводле абвінавачвання ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", а Дашкевіч — паводле абвінавачвання ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" і за ахвяраванне беларускім добраахвотнікам. Беларускія праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.
Напярэдадні стала вядома пра вызваленне некалькіх палітвязняў. Сярод іх — Рыгор Кастусёў. Колькасць палітычных зняволеных у нашай краіне па-ранейшаму складае больш за 1400 чалавек (прызнаных праваабаронцамі, насамрэч іх значна больш).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.