У Кіеве памёр вядомы ўкраінскі дысідэнт савецкіх часоў Сцяпан Хмара

Сцяпан Хмара каля пасольства РБ у Кіеве, 10 жніўня 2020 года

Сцяпан Хмара каля пасольства РБ у Кіеве, 10 жніўня 2020 года / svaboda.org

У Кіеве памёр вядомы ўкраінскі дысідэнт і палітвязень савецкіх часоў, праваабаронца Сцяпан Хмара. Яму было 86 гадоў, паведамляе hromadske.ua.

У 1980-м савецкія ўлады асудзілі Хмару за палітычную і праваабарончую дзейнасць на 7 гадоў зняволення ў лагерах строгага рэжыму і 5 гадоў высылкі. Пакаранне ён адбываў на Урале ў Расіі. Ва Украіну вярнуўся ў 1987 годзе, стаў адным з кіраўнікоў Украінскага хельсінкскага саюза. З 1990-га быў дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны. У часы незалежнай Украіны Сцяпан Хмара працягваў палітычную дзейнасць, быў дэпутатам парламента, атрымаў званне Героя Украіны.

Хмара неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю. У 2020-м ён прыходзіў да беларускага пасольства ў Кіеве, каб падтрымаць акцыі, якія ладзілі беларусы-палітуцекачы. У каментары Радыё Свабода Сцяпан Хмара казаў, што прыйшоў падтрымаць "беларускіх братоў і выказаць сваё абурэнне і пратэст супраць сваволі рэжыму Лукашэнкі". Ён падпісаў петыцыю з патрабаваннем спынення рэпрэсій у РБ, тэрміновага вызвалення ўсіх затрыманых і пакарання сілавікоў за гвалт супраць мірных грамадзян.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі