У Магілёве пасля пралёту "шахеда" гучала паветраная трывога
Дрон "Шахед", ілюстрацыйнае фота
Каля 12-й гадзіны дня жыхары Магілёва пачулі гук сістэм апавяшчэння пры надзвычайных сітуацыях, паведамляе "Беларускі Гаюн".
Адзначаецца, што сірэны гучалі пасля таго, як менавіта ў тым раёне пралятаў дрон-камікадзе тыпу "Шахед" і лятала беларуская вайсковая авіяцыя.
Толькі праз гадзіну, у 12:56, у мясцовых СМІ з'явілася абвестка ад МНС, быццам у Магілёўскай вобласці праходзіць праверка сістэм апавяшчэння. Звычайна МНС папярэджвае загадзя, што плануюцца такія праверкі — прыкладна за дзень.
Таксама "Беларускі Гаюн" адзначае, цяпер у Магілёўскай вобласці лятае верталёт Мі-8 МНС РБ, яго відаць нават на публічных авіярадарах. Ён кружляе ў ваколіцах Магілёва, Быхава і Бабруйска — акурат тым раёне, дзе раней пралятаў "шахед".
Як расказвала Еўрарадыё, апошнімі днямі расійскія "шахеды" даволі часта пралятаюць праз тэрыторыю Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.