У Мінпрыроды РБ абмеркавалі "максімальна магчымае павелічэнне здабычы нафты

Вясной Аляксандр Лукашэнка сказаў чыноўнікам, што "трэба капаць і шукаць"

Вясной Аляксандр Лукашэнка сказаў чыноўнікам, што "трэба капаць і шукаць" / Reuters

У Мінпрыроды Беларусі абмеркавалі "максімальна магчымае павелічэнне здабычы нафты". Раней, "у развіццё даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі", быў сфарміраваны план-графік правядзення геолагаразведачных работ, разлічаны да 2030 года і зацверджаны ўрадам. Цяпер жа адбылося першае пасяджэнне кансультатыўнага савета па развіцці геолагаразведачнай галіны і выкарыстанні нетраў (у яго ўваходзяць "вядучыя эксперты ў галіне геалогіі"). На ім гаворка ішла найперш пра нафту. Пра тое, што Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі і "Беларуснафта" прапрацуюць сумесную праграму па пошуку вуглевадародаў у паўднёвай частцы Прыпяцкага прагіну.

"Мэта нашай сустрэчы — праінфармаваць савет аб праведзенай рабоце за бягучы год і планах на 2025-2030 гады, пачуць здаровую крытыку, якая дапаможа вызначыць правільны вектар развіцця геалагічнай галіны на бліжэйшую перспектыву і бліжэйшыя 5 гадоў", — сказаў прысутны на нарадзе міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.

Яшчэ вясной Аляксандр Лукашэнка паставіў перад новым міністрам прыродных рэсурсаў задачу шукаць у нашай краіне нафту і іншыя карысныя выкапні: "Трэба капаць і шукаць... Я не веру, што ў нашых нетрах няма таго, што нам трэба". І чыноўнікі стараюцца — сёлета нафту ўпершыню пачалі шукаць у Віцебскай вобласці.

У Беларусі за год здабываюць каля 1,9 мільёнаў тон нафты, што складае 15% ад патрэбаў эканомікі. Асноўныя месцы залягання нафты знаходзяцца ў Гомельскай вобласці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі