Новае радовішча нафты адкрылі на Гомельшчыне

Новае радовішча нафты

Новае радовішча нафты / БЕЛТА

Новае радовішча нафты адкрылі ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, піша БЕЛТА са словаў міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргея Масляка.

"Глыбіня свідравіны складае 4,2 тысячы метраў. Дзякуючы прымяненню тэхналогій кіслотна-салянага разрыву пласта на адзнацы 4053 м і 4069 м выяўлены прыток нафты", — кажа міністр. Ён дадае, што дэбіт свідравіны складае 600 л у суткі.

Паводле папярэдніх ацэнак, запасы нафты ў новым радовішчы складаюць 152 тысячы тон. Гэтыя ацэнкі павінна пацвердзіць рэспубліканская камісія па сцвярджэнні запасаў карысных выкапняў. Пасля гэтага радовішча перадуць на дзяржаўны баланс, а далей — "Беларуснафце" для прамысловай здабычы.

Сяргей Масляк падкрэсліў, што папярэдне быў праведзены вялікі комплекс геолагаразведачных работ, які заняў тры-пяць гадоў. "Сёння асноўныя месцы залягання нафты знаходзяцца ў Гомельскай вобласці — 98% нафты здабываецца менавіта тут", — кажа міністр.

Паводле яго, у Беларусі ў год здабываюць каля 1,9 мільёнаў тон нафты, што складае 15% ад патрэбаў эканомікі. Агулам на тэрыторыі Беларусі адкрыта 96 радовішчаў нафты, з іх 36 знаходзяцца ў распрацоўцы.

Як распавядала Еўрарадыё, у сакавіку Аляксандр Лукашэнка чарговы раз загадаў шукаць нафту. Такую задачу ён паставіў перад новым міністрам прыродных рэсурсаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі