У мінскіх садках і лякарнях пачнуць уключаць цяпло з 20 верасня
Ацяпляльны сезон / pixabay.com
Ужо з аўторка, 20 верасня, пачнуць уключаць ацяпленне ў дзіцячых садках, лякарнях ды іншых сацыяльных аб'ектах Мінска. Адпаведнае рашэнне прыняў Мінгарвыканкам, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".
Акрамя садкоў і лякарняў да першай чаргі залічваюцца школьныя, лячэбна-прафілактычныя, медыцынскія ўстановы, установы сацзабеспячэння, музеі, дзяржаўныя архівы, бібліятэкі, гатэлі. Там ацяпленне ўключаюць, калі сярэднясутачная тэмпература цягам пяці сутак трымаецца на ўзроўні +10 і ніжэй.
У кватэрах, інтэрнатах, установах адукацыі (за выключэннем дашкольных і школьных), тэатрах і агульнагарадскіх лазнях ацяпленне ўключаюць пры сярэднясутачнай тэмпературы +8 і ніжэй на працягу пяці сутак.
У офісы і прамысловыя будынкі цяпло пачынаюць падаваць у апошнюю чаргу.
Як распавядала Еўрарадыё, сёння ацяпляльны сезон пачаўся на сацыяльных аб'ектах Мінскай вобласці.
Летась у Мінску ацяпляльны сезон пачаўся 20 верасня, ацяпляць жылфонд пачалі 22 верасня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.