Жыхароў Мінска папярэдзілі, што вада з крана можа стаць зялёнай
Афарбоўка вады патрэбна "для хуткага выяўлення уцечак"
"Мінскія цеплавыя сеткі" (філіял "Мінскэнерга") заклікаюць жыхароў Мінска не панікаваць. Справа ў тым, што вада з крана ў Ленінскім, Заводскім, Савецкім і Першамайскім раёнах можа стаць... зялёнай. З 11 лістапада ў сеткавую ваду трубаправодаў цеплавых сетак дададуць спецыяльны фарбавальнік — флуарэсцэін.
Адзначаецца, што афарбоўка патрэбна "для хуткага выяўлення уцечак і несанкцыянаванага выкарыстання цепланосьбіта, а таксама для праверкі герметычнасці воданагравальнікаў". Падкрэсліваецца, што флуарэсцеін "абсалютна бяспечны для здароўя і дазволены да ўжывання згодна з патрабаваннямі Санэпіднагляду".
Калі ж мінчукі заўважаць афарбаваную ваду ў сістэмах гарачага водазабеспячэння або уцечку зялёнага адцення, іх заклікаюць паведаміць пра гэта ў "Мінскія цеплавыя сеткі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.