У Мінску кіраўніка партыі аштрафавалі за адмову аплаціць паслугі міліцыі
У Мінску кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава аштрафавалі на 765 рублёў (на 30 базавых) за адмову аплаціць паслугі міліцыі. Пра гэта апазіцыйны палітык паведаміў у Facebook. Такое рашэнне 2 траўня прыняў суд Цэнтральнага раёна сталіцы.
Барысаў быў адным з арганізатараў мітынга і канцэрта ў Кіеўскім скверы Мінска на Дзень Волі. Раней на тыя ж 765 рублёў суд аштрафаваў лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, кіраўніка руху "За Свабоду" Юрыя Губарэвіча і адну ў сустаршынь аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Вольгу Кавалькову. З-за патрабавання аплаціць паслугі працы міліцыі ў сталіцы сёлета не адбыўся "Чарнобыльскі шлях" — заяўнікі адмовіліся ад правядзення дазволенай уладамі традыцыйнай вулічнай акцыі (але некалькі дзясяткаў чалавек усё ж прайшлі па заяўленым маршруце).
"Беларуская міліцыя ўжо канчаткова афармляецца ў камерцыйную структуру са сваімі прайз-лістамі і каэфіцыентамі, забываючыся на тое, што існуе за кошт падаткаплацельшчыкаў, — піша Ігар Барысаў. — Адміністрацыйная справа за адмову плаціць паслугі міліцыі — нонсэнс".
Арганізатары акцыі на Дзень Волі павінны былі заплаціць за паслугі міліцыі 3825 рублёў (150 базавых велічыняў). Іх агульны штраф да гэтай сумы не дацягнуў.