У Наваполацку не могуць злавіць сабак — тыя "хутка і хаатычна перамяшчаюцца"
Бяздомныя сабакі ў Наваполацку
Жыхары Наваполацка папрасілі мясцовую ўладу адлавіць зграю агрэсіўных сабак, якая наводзіць страх на людзей. Петыцыя была створаная на сайце petitions.by. Улады адказалі, што працуюць над адловам жывёл, але сабакі "хутка і хаатычна перамяшчаюцца".
Праблема з сабакамі ўзнікла ў горадзе з лістапада 2023-га. Зграя, у якой сабакі памерам з нямецкую аўчарку, нападала на катоў па ўсім горадзе, паводзілася агрэсіўна. Навапалачане адзначылі, што звароты ў службу 115 не вырашылі праблемы. Петыцыя была створаная 27 чэрвеня. Пад ёй падпісаліся больш за 20 чалавек. 8 ліпеня зварот быў накіраваны ў гарвыканкам.
Адказ гарадскіх уладаў з'явіўся 23 ліпеня. Яго падпісаў намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Адзіночкін. У дакуменце гаворыцца, што камунальнікі займаюцца адловам бяздомных жывёл паводле графіку з 8:00 да 17:00, але рэйды па гэтай зграі ладзяць і ўначы.
"Па заяўках, якія паступілі ў адзіную дыспетчарскую службу 115 аб знаходжанні на тэрыторыі горада Наваполацка безнаглядных сабак, неаднаразова праводзіліся рэйды, усталёўваліся клеткі-пасткі. Праз тое, што сабакі хутка і хаатычна перамяшчаюцца, хаваюцца, складана ажыццявіць іх адлоў па заяўцы, якая паступіла", — гаворыцца ў афіцыйным адказе.
Таксама ў дакуменце гаворыцца, што пры выездзе па трох заяўках на 115 сабак ужо не знаходзілі. А ў двух выпадках сабак бачылі брыгады па адлове, але тыя "ўцяклі з тэрыторыі".
Ад пачатку года ў Наваполацку злавілі 47 бяздомных сабак, іх перадалі ў аб'яднанне абароны жывёл "Добрыя рукі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.