У Польшчы заявілі, што гатовыя дапамагчы Кіеву вярнуць мужчын прызыўнога ўзросту

Украінскія ўцекачы

Украінскія ўцекачы / Reuters

Варшава гатовая дапамагчы Кіеву "ідэнтыфікаваць" украінцаў прызыўнога ўзросту, якія ўцяклі з пачатку вайны за мяжу. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу PolSat заявіў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Паводле яго слоў, польскія ўлады ўжо даўно прапаноўвалі Кіеву дапамогу ў выяўленні тых, хто падлягае мабілізацыі. Якой менавіта можа быць гэтая дапамога, залежыць ад запыту ўкраінскага боку, адзначыў міністр.

"Я думаю, што многія нашы суграмадзяне абураліся і абураюцца, калі бачаць у кавярні маладых украінскіх мужчын і чуюць пра тое, якіх намаганняў нам варта дапамога Украіне", — патлумачыў пазіцыю Варшавы Касіняк-Камыш. Ён мяркуе, што пытанні да мужчын-украінцаў, якія збеглі ад вайны, ёсць і ў іх суайчыннікаў, што цяпер ваююць на фронце.

Нагадаем, на гэтым тыдні стала вядома, што дыппрадстаўніцтва Украіны за мяжой па патрабаванні МЗС часова прыпынілі "здзяйсненне консульскіх дзеянняў па заявах грамадзян Украіны мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў". Такія мужчыны цяпер могуць атрымаць у консульствах толькі адзін дакумент — для вяртання ў краіну.

Паводле ацэнкі статыстычнай службы Еўрасаюза, у студзені 2024 года ў краінах ЕС знаходзіліся каля 4,3 млн грамадзян Украіны, у тым ліку каля 860 тысяч мужчын. У Польшчы часовы прытулак, паводле афіцыйных звестак, атрымалі блізу 950 тысяч украінцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі