У прамысловых флагманаў Беларусі абрынуліся прыбыткі. Што чакае рабочых?
Непакрытыя страты МТЗ на 1 красавіка склалі 22,8 млн рублёў / glavpahar.ru
Дзяржава будзе падтрымліваць дзяржпрадпрыемствы да апошняга, нягледзячы на страты і зніжэнне прыбытку. Напрыклад, на МТЗ у першым квартале чысты прыбытак скараціўся ў 101 раз. МАПІД сышоў у страту, хоць у першым квартале 2021 года быў у плюсе. Аднак уладам патрэбная фармальная занятасць.
Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, колькі так удасца працягнуць і да чаго рыхтавацца беларусам.
"Галодных бунтаў не будзе"
Некаторыя дзяржпрадпрыемствы заўсёды былі на мяжы стратнасці, адзначае старшы навуковы супрацоўнік BEROC (Кіеў) Леў Львоўскі. Пры гэтым у першыя месяцы пасля вайны ў іх яшчэ былі фінансавыя магчымасці і запасы камплектавальнікаў, а частка санкцый у дачыненні да Беларусі ўступіла ў сілу толькі 4 чэрвеня.
— Пакуль усе праблемы кропкавага характару, але, безумоўна, гэта будзе разрастацца. Прычым мы бачым рост крэдытавання прадпрыемстваў [на 13,5% па рублёвых крэдытах у студзені-красавіку. — Еўрарадыё]. Пачынаючы з красавіка разгортваецца эмісія грошай для падтрымкі прадпрыемстваў.
Пры гэтым стане прадпрыемстваў крэдыты не асабліва дапамогуць ва ўмовах санкцый, калі проста не будзе камплектавальнікаў.
— Можна фінансаваць лішнюю занятасць, даваць гарантаваныя дзяржавай крэдыты, а потым іх спісваць. Але калі МТЗ не зможа купіць камплектацыю ні за якія грошы, будзе спыняцца вытворчасць. Але, мабыць, будуць дапамагаць кітайскія пастаўшчыкі камплектавальнікаў, — лічыць Алег Мазаль.
Хутчэй за ўсё, кітайскія кампаніі будуць падымаць цэны з улікам рызыкі. Значыць, тыя ж трактары ад МТЗ стануць даражэйшымі.
— Яны будуць даражэйшыя і горшыя па якасці. Куды такі тавар будуць прадаваць — пытанне адкрытае. У Расіі свае вытворцы, а тым больш у Кітаі, — працягвае Алег Мазаль.
Бяда беларусаў не ў праблемах асобных прадпрыемстваў, падкрэслівае Леў Львоўскі. Рэч у тым, што праблемы па ўсіх франтах.
— У вас лёгка могуць пачацца праблемы са зберажэннямі, таму што ваш банк будзе пакутаваць ад санкцый наўпрост ці апасродкавана. Альбо вам знізяць зарплату, і вы будзеце менш купляць у прыватнага бізнесу. Прыватны бізнес натыкнецца на якія-небудзь санкцыі і гэтак далей.
Калі раней для часткі быў выхад — сысці ў IT, то гэтай перспектывы таксама няма. Наша адзіная паспяховая галіна часткова сыходзіць з краіны, часткова замарожвае найманне. І галоўная праблема — незразумела, калі ўсё гэта скончыцца, таму што ніхто не спрабуе вырашаць корань праблем.
Улады не аслабляюць прэсінг унутры краіны і па-ранейшаму падтрымліваюць Расію. Таму няма прычын лічыць, што нешта зменіцца да лепшага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.