У Расіі амаль у 20 разоў знізіліся продажы аўтобусаў МАЗ
Аўтобусы МАЗ у Расіі
У Расіі амаль у 20 разоў знізіліся продажы аўтобусаў МАЗ, піша "Позірк". У траўні 2024-га на расійскім рынку прадалі толькі 8 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода. У траўні 2023-га іх было 159.
За пяць месяцаў гэтага года рэалізавана 280 адзінак гэтай тэхнікі. У студзені-траўні 2023-га было 522. Падзенне склала 46,7%. За мінулы год беларускае прадпрыемства прадало ў РФ 925 аўтобусаў (на 11,1% менш, чым у 2022-м). Па выніках 2023-га МАЗ займаў 6-е месца ў адпаведным сегменце аўтарынку Расіі.
Нядаўна ў Санкт-Пецярбургу ўлады абмяркоўвалі сітуацыю з аўтобуснымі перавозкамі. Згадваліся і МАЗы, некаторыя з якіх "стаяць ля плота" ў чаканні гарантыйнага рамонту. Стала вядома, што ў горадзе МАЗ збіраецца будаваць сервісны цэнтр, афармляецца зямельны ўчастак на Пулкаўскай шашы.
Беларускія аўтобусы часта гараць у Санкт-Пецярбургу (летась налічылі амаль дзясятак такіх здарэнняў) і іншых гарадах. Мяркуецца, што ўзгаранні адбываюцца з-за замены на вытворчасці камплектуючых, пастаўкі якіх спыніліся праз санкцыі. На нядаўняй нарадзе адзначалася, што кітайскія камплектуючыя не такія надзейныя, як еўрапейскія.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.