У Шчэціне прайшла акцыя пратэсту супраць імпарту ўгнаенняў з Беларусі і Расіі

Прафсаюзная дэманстрацыя ў Шчэціне

Прафсаюзная дэманстрацыя ў Шчэціне / PAP/Marcin Bielecki

У Шчэціне адбылася дэманстрацыя ў абарону працоўных месцаў і супраць імпарту ўгнаенняў з Беларусі і Расіі.

Зладзілі яе прафсаюзныя арганізацыі, паведамляе Беларуская рэдакцыя Польскага радыё. На акцыю прыйшло некалькі соцень чалавек.

Прафсаюзы Grupa Azoty мяркуюць, што бескантрольны імпарт угнаенняў з усходу забівае польскую вытворчасць.

"Працадаўца ўсялякімі спосабамі імкнецца скараціць кошт вытворчасці, аднак мы не ў стане канкураваць з расійскімі і беларускімі вытворцамі. Беларусь і Расія пастаўляюць угнаенні ў Еўропу разнароднымі шляхамі праз замежныя кампаніі, нават праз Афрыку", — кажа Аркадыюш Паборскі, старшыня прафсаюзу Grupa Azoty Zakłady Chemiczne "Police".

Польскія вытворцы заяўляюць, што ўрад занядбаў айчынны сектар вытворчасці ўгнаенняў, таму краіна купляе ў Расіі і Беларусі найбольш угнаенняў сярод усіх краін Еўрасаюза.

Сёлета са студзеня па ліпень імпарт угнаенняў у Польшчы склаў 717 тысяч тон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.