У школах з кабінетаў замежнай мовы просяць прыбраць сцягі Брытаніі

Брытанскія сцяжкі / Британские флажки / Еўрарадыё

Брытанскія сцяжкі / Еўрарадыё

Беларускія школы напярэдадні новага навучальнага года чакаюць прыезду спецыяльных камісій і прыбіраюць з кабінетаў англійскай мовы сцягі Вялікабрытаніі, а таксама іншую сімволіку і наглядны матэрыял, звязаны з гэтай. Як піша сайт "Зеркало", такія паведамленні паступаюць ад настаўнікаў з Мінска і Брэста.

Адна з мінскіх настаўніц расказала: "На мінулым тыдні калега, якая выкладае англійскую, выйшла з адпачынку. Першае даручэнне, атрыманае ёй ад адміністрацыі, — прыбраць сімволіку з кабінета замежнай. Распараджэнне было вусным. Наколькі мы зразумелі, гаворка ідзе пра брытанскія сцягі. На стэндзе па-над імі сказалі наклеіць беларускія ці пейзажы нашай краіны. Патлумачылі: сімволіка не зацверджаная праграмай. Што менавіта гэта значыць, ні я, ні калега не ведаем".

Пры гэтым частка настаўнікаў заяўляюць, што такіх распараджэнняў не атрымлівалі.

Кіраўнік адной з навучальных установаў тлумачыць, што загадана ў афармленні цалкам пазбегнуць дзяржаўнай сімволікі, згадак службовых асоб, манархаў Вялікабрытаніі, прэзідэнтаў ЗША і г.д. "Падача павінна быць наступная: англійская і нямецкая мова — мовы міжнародных зносін, а не Біг-Бэн або ўзаемасувязь з брытанскім сцягам", — кажа ён.

Чыноўнікі ад адукацыі запэўніваюць, што такіх распараджэнняў не было. Ва ўпраўленні па адукацыі Першамайскага раёна Мінска кажуць так: "Хай бы вы пацікавіліся ў настаўніцы англійскай, якая дала вам такую інфармацыю. Лічу, павінна быць разуменне на ўзроўні выкладчыка, які данёс вам гэтую інфармацыю. Ведаю, было не тое што ўказанне, а рэкамендацыя, каб дадалі чагосьці беларускага нават у кабінеты англійскай мовы. Бо калі вы прыедзеце ў Вялікабрытанію, вы, на жаль, не ўбачыце там беларускага сцяга".

У Брэсце супрацоўніца ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна дадае, што ў Мінадукацыі праходзіла "калегія або нарада", дзе акцэнтавалі ўвагу на нейтральным выглядзе стэндаў. Аднак ніякіх нарматыўных дакументаў на гэтую тэму чыноўніца не бачыла.

"Ведаю, што пры наведванні міністрам адной са школ быў стэнд з выявай сцягоў і была зробленая заўвага", — дадала яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі