У скарбонку ядзерных пагроз: у Беларусі хочуць рабіць "перасоўныя чарнобыльчыкі"
Калі не ўдалося першымі зрабіць празрысты тэлевізар, то можа атрымаецца ядзерны рэактар па савецкім узоры? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У Беларусі хочуць вырабляць мабільныя АЭС сумесна з расійскімі навукоўцамі з Курчатаўскага інстытута. Такія станцыі ў другой палове мінулага стагоддзя спрабавалі рабіць у СССР і ЗША. Аднак абедзве краіны ад іх адмовіліся. Цяпер кіраўнік НАН Уладзімір Гусакоў кажа:
— Ёсць ідэя вярнуцца да мабільных ядзерных установак. Дакументацыя захавалася. Стварылі групу, якая працуе на аднаўленне гэтага унікальнага вынаходніцтва.
Еўрарадыё даведалася ў эксперта, чаму аднаўляць асабліва няма чаго, а месцам распрацовак абраная Беларусь, хоць ёй такія АЭС дакладна непатрэбныя.
“Дзе выкарыстоўваць? У беларускіх балотах?”
Мабільныя АЭС — гэта перасоўныя ядзерныя рэактары малой магутнасці. Для каго іх хочуць вырабляць, незразумела: пра замовы не паведамляецца.
— У Савецкім Саюзе іх распрацоўвалі ў Обнінску — нават пабудавалі такую мадэльку і запусцілі. Нейкі час працавала. І інстытут "Сосны" ў Беларусі спрабаваў будаваць. Рэактары пабудавалі, але потым яны не працавалі і нікому не былі патрэбныя, — кажа фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі. — Заказчыкамі перасоўных "чарнобыльчыкаў" былі вайскоўцы. Ідэя Савецкага Саюза палягала на тым, каб закідаць такія энергетычныя ўстаноўкі на базы, напрыклад, стратэгічных ракет дзе-небудзь у сібірскай тайзе. Ядзерная ўстаноўка магла забяспечваць аддалены ваенны аб'ект, які не мае доступу да сетак, электраэнергіяй. Гэта дазваляла таксама ў нейкай ступені яго замаскіраваць.
Эксперт адзначае, што ні адна падобная ўстаноўка так і не запрацавала паблізу ваенных аб'ектаў СССР. Вопыт ЗША паказаў, што перасоўныя АЭС небяспечныя і ненадзейныя.
— У іх была цэлая серыя мікраАЭС для вайсковых баз. Амерыканскія вайскоўцы ўсё ж ад іх адмовіліся. На адной з іх нават была аварыя са смяротным канцом.
На думку эксперта, у Беларусі прасцей прапіхнуць выкананне любой ядзернай праграмы.
— Каб ствараць такі аб'ект у Расіі, яны павінны былі б праходзіць працэдуру грамадскіх абмеркаванняў. Гэта значыць апублікаваць ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, неяк яе абмеркаваць з грамадскасцю.
У Беларусі найстарэйшую экалагічную арганізацыю "Экадом", якая магла б узяць удзел у дыскусіі, ліквідавалі і прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.
Паводле Гусакова, чарцяжы міні-АЭС у беларусаў ёсць з часоў СССР. На іх наўрад ці варта разлічваць. Аднак гэта не так важна, калі пад праект можна атрымаць грошы.
— У іх ёсць чарцяжы. Мне як інжынеру зразумела, што гэта значыць, што на практыцы нічога не апрабавалася. Ці можа Курчатаўскі інстытут удзельнічаць у стварэнні нейкіх новых тыпаў рэактараў? Вядома, можа. Але за дзяржаўныя грошы. У Расіі дзяржаўная карпарацыя па атамнай энергіі вельмі зацікаўленая, каб фінансавыя патокі ішлі ў яе кішэні. Яны гатовыя працаваць над любой замовай.
На думку Ажароўскага, больш падобна на тое, што атамшчыкі спрабуюць даказаць сваю неабходнасць, як і ва ўсім свеце. Таму спрабуюць адрадзіць запыленыя "унікальныя вынаходніцтвы".
— Я чытаю гэтую навіну так: беларускія атамшчыкі папрасілі інстытут Курчатава [супрацоўнічаць]. Яго узначальвае чалавек па прозвішчы Кавальчук, у якога ёсць брат [бізнэсмэн Юрый Кавальчук. — Еўрарадыё], які ну ў вельмі добрых стасунках, па звестках прэсы, з прэзідэнтам Пуціным. Гэта значыць, што ён мае дасяг да грошай падаткаплацельшчыкаў для таго, каб тыя самыя фінансавыя патокі атрымліваць на распрацоўку нікому непатрэбнай дрэні, — заключае Андрэй Ажароўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.