Хлеў карыснейшы:што са спадчынай СССР, дзе Лукашэнка хоча трымаць ядзерную зброю

Уваход у былое ядзернае сховішча / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё 
Уваход у былое ядзернае сховішча / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё 

Беларусь хацела б размясціць на сваёй тэрыторыі ядзерную зброю ў адказ на актыўнасць НАТА ў Польшчы. Інфраструктура для гэтага засталася яшчэ з савецкіх часоў, нядаўна заявіў Аляксандр Лукашэнка.

— Я, як руплівы гаспадар, нічога не разбурыў — усе "сараі" стаяць на месцы,запэўніў Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту. І дадаў, што яны з Уладзімірам Пуціным вырашаць, якая зброя будзе найбольш прыдатнай.

Еўрарадыё даведалася, ці сапраўды савецкая спадчына так добра захавалася ў Беларусі, што ледзь не гатовая да новай халоднай вайны.

Ад звышсакрэтнага аб'екта да металалому

Мы адправіліся ў лес пад Баранавічамі, дзе раней была засакрэчаная рамонтна-тэхнічная база. Там захоўваліся ядзерныя бомбы і баявыя часткі ракет. Недалёка знаходзіцца аэрадром далёкай авіяцыі, дзе размяшчаліся самалёты Ту-16 і Ту-22. Гэта бамбавікі — носьбіты ядзернай зброі.

Сарай полезнее: что с наследием СССР, где Лукашенко хочет держать ядерное оружие
Усё больш-менш каштоўнае са сховішча вынеслі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Такіх месцаў, як база пад Баранавічамі, у Беларусі шмат. Закінутымі сталіся аб'екты пад Смаргонню, Ружанамі, Жыткавічамі і Полацкам.
 

"Чарнамырдзін сказаў Лукашэнку: "Не дуры!"

Пачатак канца для гэтых ваенных баз быў пакладзены рашэннем Беларусі стаць бяз'ядзернай зонай. Пасля развалу СССР зброя адправілася ў Расію. Пачынаў гэты працэс былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

— 8 снежня 1991 года, калі мы падпісалі Белавежскае пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў, я сказаў, што Беларусь без усялякай кампенсацыі гатовая вывесці ядзерную зброю са сваёй тэрыторыі, — расказвае ён.

На прыкладзе Баранавіч відаць, што ў выпадку канфлікту мясцовасць з ядзернай зброяй стала б мішэнню для патэнцыйнага праціўніка.

— На душу насельніцтва ў нас было ядзернай зброі больш за ўсіх у свеце. Трэба было пазбавіць нацыю ад пагрозы. Ядзернай зброі нам не трэба, на нас ніхто не нападае, — працягвае Станіслаў Шушкевіч. — Лукашэнка хацеў захаваць ядзерную зброю і падняў гэтае пытанне. Але ў Мінск прыехаў Чарнамырдзін [тады прадстаўнік урада РФ. — Еўрарадыё] і сказаў: "Не дуры!" Таму што ўсе дакументы падпісаныя, усё зроблена для таго, каб ядзерная зброя была выведзеная. І яму давялося пагадзіцца з гэтым. Я лічу вывад ядзернай зброі сваім галоўным палітычным дасягненнем.

Вывад ядзернай зброі з Беларусі скончыўся ў 1996 годзе. На думку Шушкевіча, цяпер яна можа вярнуцца ў Беларусь толькі для таго, каб Лукашэнка на пару з Пуціным заставаўся пажыццёвым дыктатарам, а Беларусь — калоніяй Расіі. Бо гаворка ідзе "не пра распрацоўку ўласнай ядзернай зброі, а пра расійскую "дапамогу".

 

Пабразгаць хочацца, але гэта вельмі дорага

Сарай полезнее: что с наследием СССР, где Лукашенко хочет держать ядерное оружие
Грошай на ядзерную зброю ў Лукашэнкі няма, але завесці яе хочацца / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Узяўшы ў Пуціна ядзерную зброю на захоўванне, Лукашэнка хоча сэканоміць і схітраваць, мяркуе фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

— Гэтаксама, як ён схітраваў з атамнай станцыяй. Ён хоча атрымаць ядзерную зброю ў доўг або бясплатна. Гэта не значыць, што Беларусь стане валодаць ядзернай зброяй гэтаксама, як цяпер яна не валодае атамнай энергетыкай. Энергетыку падае "Расатам".

Грошай на тое, каб стварыць сваю ядзерную зброю, у Беларусі папросту няма. Толькі на абслугоўванне такой зброі Ізраіль выдаткаваў у 2019 годзе $1 млрд, а Паўночная Карэя — $0,6 млрд. Гэта значныя сумы для Беларусі, асабліва калі з усіх бакоў ціснуць санкцыі і эканамічны рост запавольваецца.

— Плутоній жа старэе, і трэба час ад часу змяняць змесціва ядзерных боепрыпасаў, — кажа Андрэй Ажароўскі.

Прывезці ў Беларусь ядзерныя боепрыпасы не складана, бо зброя кампактная, а размясціць яе можна пры дзейных аэрадромах, адзначае фізік. Да ўварвання Расіі ва Украіну здавалася, што імавернасць гэтага малая. Бо падзяліцца з Беларуссю ядзернай зброяй — азначала велізарныя нават па мерках Расіі грашовыя і рэпутацыйныя страты.

— Ёсць дамова аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Калі дамова парушаецца, то краіны, як, напрыклад, Паўночная Карэя, знаходзяцца пад сур'ёзнымі санкцыямі, — кажа Андрэй Ажароўскі.

Цяпер сцэнар, пры якім у Беларусі з'явіцца расійская ядзерная зброя, найбольш імаверны, заключае суразмоўнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі