У Віцебску за "пратэстную" налепку судзілі супрацоўніка транспартнай інспекцыі
За выяву сэрца, кулака і "вікторыи" міліцыянт тры дні правёў за кратамі.
Кур’ёзная гісторыя адбылася напачатку кастрычніка ў Віцебску. 39-гадовага супрацоўніка транспартнай інспекцыі Юрыя Шылько судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Інспектара затрымалі падчас нясення службы, ён трое сутак правёў за кратамі.
Прычынай затрымання стала "пратэставая" налепка на бамперы яго аўто. За такую прынялі выяву “сэрца, кулака і двух пальцаў рукі, накіраваных угору”. Паводле пратаколу, мужчына прыняў удзел у пікетаванні, што выявілася ў "дэманстрацыі выявы для няпэўнага кола асобаў".
Начальнік упраўлення кантролю аўтамабільнага транспарту Сяргей Глушчук на судзе расхвальваў падначаленага і казаў, што той зʼяўляецца “адным з лепшых па выпісванні штрафаў”. А калегі Шылько распавялі на судзе, што гэта можа быць правакацыяй, бо ў калектыве “атмасфера не вельмі добрая — шмат зайздроснікаў, канфліктныя сітуацыі, маюць месца розныя “ананімкі”. Тым больш, што Шылько планавалі павысіць.
Выслухаўшы сведкаў і вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя Уладзімір Царыкаў прыйшоў да высновы, што ў ёй не маецца доказаў таго, што менавіта Шылько наляпіў гэтую налепку. Ён пастанавіў справу спыніць праз адсутнасць доказаў віны інспектара.
Аўтамабіль Шылько на момант суду знаходзіўся яшчэ пад арыштам у міліцыі. А сам ён перад судом тры дні правёў за кратамі. З іх 30 гадзінаў — у "стакане", без ежы і сну.
Высветлілася, дарэчы, што транспартны інспектар ездзіў без тэхагляду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.