Усё больш беларусаў лічыць, што Украіна прайграе ў вайне супраць Расіі
Сацыёлагі правялі апытанне сярод беларусаў
Расійскае войска падтрымлівае каля 36% гарадскіх жыхароў Беларусі, пры гэтым беларусы працягваюць дыстанцыявацца ад ідэі ўдзелу ў вайне на чыім-небудзь баку.
Да такіх высноў прыйшлі даследчыкі Chatham House, якія падзяліліся вынікамі сацыяльнага даследавання беларусаў па пытаннях украінска-расійскай вайны, вайсковай і знешняй палітыкі, якое праводзілі ў лістападзе гэтага года.
Апытанне было праведзенае з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю (CAWI), гэта азначае, што выбарка была абмежаваная да карыстальнікаў інтэрнэту. Пры гэтым, паводле звестак на пачатак 2023 года, 87% насельніцтва Беларусі выкарыстоўвае інтэрнэт.
Таксама эксперты вылучылі чатыры сегменты беларускага грамадства па перавагах у СМІ: 38% — гэта аўдыторыя дзяржаўных СМІ, 16% — недзяржаўных, 23% — аўдыторыя агульных тыпаў СМІ і 23% — неактыўная аўдыторыя.
Вайна ва Украіне
Цягам усяго канфлікту беларусы прытрымліваліся прыкладна аднаго і таго ж меркавання. Цяпер каля 38% беларусаў выступае супраць падтрымкі расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны, 36% — за. Паўтара года таму паказчыкі былі іншымі: 43% — супраць, 33% — за.
Даследчыкі адзначаюць, што за паўтара года практычна адсутнічае дынаміка ў стаўленні беларусаў да ваенных дзеянняў. Гэта сведчыць пра сталы падзел у беларускім грамадстве.
Аўдыторыя недзяржаўных СМІ выступае рашуча супраць вайны (86%), а публіка дзяржаўных медыя на 59% падтрымлівае баявыя дзеянні. Дарэчы, сярод аўдыторый усіх СМІ, акрамя аўдыторыі дзяржаўных, праціўнікаў ваенных дзеянняў больш, чым прыхільнікаў.
Паводле ацэнак Chatham House, на фоне сціплых вынікаў украінскага наступу расце доля беларусаў, якія лічаць дзеянні расійскіх войскаў эфектыўнымі, а ўкраінскіх — не.
Так, толькі 17% рэспандэнтаў думаюць, што ўкраінскія войскі паспяхова спраўляюцца са сваімі задачамі, у той час як эфектыўнасць расійскай арміі ацэньваецца ў 42%.
63% аўдыторыі дзяржСМІ больш верыць у поспех расійскай арміі, а ўкраінскай — каля 6%, прыхільнікі недзяржаўных СМІ, наадварот, на 59% вераць у поспех Украіны, каля 7% — у поспех Расіі.
Паводле інфармацыі сацыёлагаў, на фоне змены ўяўленняў пра эфектыўнасць узброеных сіл краін-удзельніц, зніжаецца доля тых, хто верыць у перамогу Украіны: 12% у лістападзе 2023 супраць 21% у чэрвені 2022. Разам з тым доля прыхільнікаў перамогі Расіі застаецца нязменнай — 45%.
Таксама большая частка рэспандэнтаў (58%) лічыць, што вайну трэба спыніць проста цяпер і зафіксаваць сітуацыю ў тым выглядзе, у якім яна ёсць, а таксама шукаць кампраміс шляхам мірных перамоваў.
Толькі сярод аўдыторыі недзяржаўных СМІ пераважаюць прыхільнікі ідэі, што вайна мусіць скончыцца толькі перамогай Украіны — 57%.
Chatham House сцвярджае, што не менш чым траціна беларусаў не мае пэўнага меркавання і што да асноўных тэзісаў пра непрыязнасць краін-суседзяў.
Напрыклад, 31% рэспандэнтаў упэўнены, што Польшча пагражае нацыянальнай бяспецы Беларусі, роўна такі ж працэнт не згодны з гэтым дапушчэннем.
Ваенная палітыка
Даследчыкі Chatham House прыйшлі да высноў, што большасць тэм, звязаных з ваеннай палітыкай Беларусі, гараджанам знаёмая. Так, пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і пра знаходжанне ПВК "Вагнер" на нашай тэрыторыі ведаюць 76% і 81% рэспандэнтаў адпаведна.
Пры гэтым, як і раней, большасць беларусаў адмоўна ставіцца да размяшчэння ядзернай зброі, але да лістапада 2023 года — пасля яе дэклараванага завозу ў Беларусь — доля тых, хто падтрымлівае гэтае рашэнне, павялічылася — з 20% у сакавіку 2022 да 33% цяпер.
Прыхільнікаў размяшчэння больш сярод аўдыторыі дзяржаўных медыя — парадку 54%, у той час як каля 94% публікі недзяржаўных СМІ супраць такога рашэння.
За падтрымку Расіі і асуджэнне Украіны ў канфлікце выказалася 27% гараджан, тым не менш 29% хацелі б, каб Беларусь абвясціла пра поўны нейтралітэт, прыбрала расійскія вайсковыя базы і не выказвалася на карысць ні аднаго з бакоў.
За непасрэдны ўдзел у вайне на баку Расіі выказалася каля 2% апытаных, на баку Украіны — каля 1%.
Знешняя палітыка
Chatham House паведамляе, што беларусы часцей выбіраюць нейтральныя пазіцыі ў знешняй палітыцы.
За саюз з Расіяй выступае 41% апытаных, з ЕС — 13%, таксама большасць (54%) выступае за захаванне сяброўства ў АДКБ.
Што да палестынска-ізраільскага канфлікту, то яно аказалася актуальным з пункту гледжання абазнанасці для ўсіх медыясегментаў. Многія дэкларуюць, што ўважліва сачылі за падзеямі.
17% беларусаў аддалі перавагу Ізраілю, 23% — Палестыне.
— Аўдыторыя недзяржаўных СМІ — адзіная, якая выразна пазначае бок, які падтрымлівае. Астатнія сегменты хутчэй заяўляюць, што не падтрымліваюць нікога, пры гэтым аўдыторыя дзяржаўных СМІ часцей на баку палестынцаў, чым Ізраіля. Траціна беларусаў бачыць ЗША і краіны NATO як вінаватых канфлікту. Толькі аўдыторыя недзяржаўных СМІ бачыць ХАМАС як асноўнага вінаватага, — паведамляюць даследчыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.