Ціханоўская назвала пяць асноўных напрамкаў працы ў Стратэгічным дыялогу з ЗША
Святлана Ціханоўская
Стратэгічны дыялог беларускіх дэмакратычных сіл і ЗША абазначае новы этап у адносінах. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская ў каментары для беларускіх журналістаў.
Яна спадзяецца, што падчас яго удасца распрацаваць агульную стратэгію па Беларусі, а таксама дарожныя карты па Беларусі па розных напрамках. "Можа быць, будуць створаны рабочыя групы, якія будуць працаваць далей па канкрэтных напрамках", — кажа Ціханоўская.
Яна называе пяць асноўных напрамкаў работы: "Гэта перш за ўсё вызваленне палітвязняў. Захаванне незалежнасці Беларусі. Дапамога ў аднаўленні і захаванні нашай нацыянальнай ідэнтычнасці і беларускай культуры. Таксама ёсць бізнес-кірунак і прыцягненне да адказнасці злачынцаў лукашэнкаўскага рэжыму".
Ціханоўская выказала спадзяванне, што ЗША вылучаць спецпрадстаўніка па працы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, якой была Джулія Фішэр. "Мы вельмі ўдзячныя ёй за яе працу, яна адкрыла для нас мноства дзвярэй. Але каб усталяваліся пастаянныя дачыненні з Дзярждэпартаментам, з ЗША, нам патрэбны такі чалавек, які будзе мостам паміж дэмакратычным рухам і ЗША", — падкрэслівае кіраўніца беларускіх дэмсілаў.
У стратэгію ЗША па Беларусі, на думку Ціханоўскай, у першую чаргу павінныя ўвайсці пытанні захаванне незалежнасці Беларусі. Яна лічыць важным, каб пасля заканчэння расійска-ўкраінскай вайны Беларусь не аддалі Пуціну як "суцяшальны прыз". Таксама Ціханоўская заклікае ўводзіць санкцыі супраць Расіі не толькі за ўдзел у вайне ва Украіне, але і за спробы падпарадкаваць сабе Беларусь.
Ціханоўская выказала надзею, што ЗША могуць дапамагчы вызваліць хаця б тых палітвязняў, якія ўвайшлі ў гуманітарны спіс. На яе думку, беларускіх палітвязняў можна вызваліць толькі праз ціск на Лукашэнку. Але палітык не выключае і іншыя магчымасці. Па яе словах, была спроба весці перамовы праз Каталіцкую царкву, але пакуль што няўдалая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.