Галоўнае, пра што Ціханоўская гаварыла з амерыканскімі кангрэсменамі

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Выступ Святланы Ціханоўскай перад амерыканскімі кангрэсменамі сёння крыху нагадваў экзамен, дзе больш-менш прыхільныя да беларускай лідаркі сябры камісіі задавалі прыемныя або падступныя пытанні.

Слуханні па Беларусі прайшлі ў падкамітэце па Еўропе Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША.

Паглядзець трансляцыю можна тут. Калі будзеце глядзець, звяртайце ўвагу на Франака Вячорку, які ўсю дарогу будзе сядзець за левым плячом Ціханоўскай і ўхвальна ківаць на ўсякі дарэчны адказ на падступнае пытанне. У гэтым матэрыяле ўводзім "франкі" як адзінку ступені ўхвалы і падтрымкі.

Главное, о чём говорила Тихановская с американскими конгрессменами
Святлана Ціханоўская

А што беларусы робяць проста цяпер?

Мы апусцім зычлівыя пытанні, у якіх Ціханоўскую хвалілі і пыталі, чаму для яе такая важная дэмакратыя, і нават называлі “мадам прэзідэнт” і “іконай свабоды”. І пяройдзем адразу да падступных.

Асобны блок пытанняў быў прысвечаны беларусам у Беларусі. А вось адкуль, маўляў, Ціханоўская ведае, чым жывуць беларусы ў Беларусі? І ўвогуле — ну добра, колькі там чалавек у эміграцыі хочуць дэмакратыі, а ці хочуць яе беларусы ў Беларусі? А што яны для гэтага робяць?

— Акей, проста ўявіце: проста за тое, што вы выкажацеся супраць рэжыму, вы можаце трапіць у турму на 15-20 гадоў. За падтрымку Украіны вы можаце атрымаць 10-15 гадоў турмы. За данат на ўкраінскую армію ў 20 долараў — 6 гадоў турмы. Гэта наша рэальнасць.

І, вядома, мы хочам захаваць людзей. Бо для нас будзе новае акно магчымасцяў, і мы хочам, каб да гэтага моманту людзі былі ў бяспецы, былі абароненыя.

Вядома, людзі не проста сядзяць і чакаюць, калі з'явіцца гэтае акно магчымасцяў. Яны працуюць, але працуюць у падполлі. (6 франкаў)

Прайшло зусім няшмат часу, і ў Ціханоўскай спыталі, як працуе Кабінет у выгнанні і што яна робіць, каб усё ж падтрымаць нейкі рух.

Кангрэсвумен ад Небраскі Дзіна Тытус відавочна зычліва ставілася да Ціханоўскай, пахваліла яе і тактоўна дадала — можа, і мы (the people) можам нешта зрабіць, каб людзі ў Беларусі зноў актывізаваліся?

Главное, о чём говорила Тихановская с американскими конгрессменами
Святлана Ціханоўская гаворыць з кангрэсменамі

— Людзі ўнутры Беларусі не здаюцца. Яны ствараюць невялікія кам'юніці. Яны баяцца рабіць гэта, але робяць, бо ведаюць, што гэта патрэбна.

Чаму рэпрэсіі працягваюцца? Таму што рэжым ведае: калі ён спыніць рэпрэсіі, то зноў атрымае сотні тысяч людзей на вуліцах. Таму ён кантралюе людзей, трымаючы іх у пастаянным страху.

Але маленькія акцыі сабатажу, непадпарадкавання ўсё яшчэ адбываюцца ў Беларусі, наш партызанскі рух усё яшчэ там. І я ўпэўненая, калі наша зямля зноў будзе скарыстаная для атакі на Украіну, нашы партызаны выйдуць неадкладна.

Грамадства бурліць. Але няма магчымасці рабіць гэта ўголас, бо мы павінны захаваць нашых людзей — жывымі і на волі, — каб яны маглі дзейнічаць, калі момант прыйдзе. (3 франка)

У нейкі момант, каб ужо ні ў кога з прысутных не заставалася сумневаў, што рэпрэсіі рэальна моцныя, Ціханоўская ўспомніла Сталіна. Маўляў, вось у Беларусі адбываецца тое самае. Спрацавала — усе ўсё зразумелі.

 

А беларусы ўвогуле ў курсе, што адбываецца ва Украіне?

Некаторыя чальцы Кангрэса былі нібыта тэматыкай Беларусі проста заклапочаныя, а не “сур'ёзна заклапочаныя”, як гэтага хацелася б. Таму што сур'ёзна заклапочаныя яны сітуацыяй у саміх ЗША і ва Украіне.

Калі Ціханоўская сказала кангрэсмену-рэспубліканцу Кіту Сэлфу, чаму Беларусі хацелася б, каб у ЗША была ясная стратэгія па ўзаемадзеянні з нашай краінай, ён адказаў:

— У нашай цяперашняй адміністрацыі няма стратэгіі нават па Украіне. Спадзяюся, у вас атрымаецца.

Сам ён прыязджаў у Кіеў, сустракаўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і крытыкаваў Вашынгтон за занадта “павольную” дапамогу ў вайне.

Іншы кангрэсмен Біл Кітынг спытаў Ціханоўскую, ці ўсе беларусы ў поўнай ступені разумеюць, як іх выкарыстоўваюць — перавозячы ядзерную зброю, аддаючы іх зямлю як пляцоўку для трэніроўкі расійскіх вайскоўцаў, уцягваючы іх у дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. І калі так — адкуль яны ведаюць пра гэта, калі медыя знішчаныя?

— Беларусы шукаюць сумленныя навіны. Яны не проста слепа вераць прапагандзе, людзі глядзяць альтэрнатыўныя навіны беларускіх незалежных медыяў. І гэта таксама небяспечна. Я павінна нагадаць вам, што незалежныя беларускія медыя прызнаныя экстрэмісцкімі, і калі чалавек унутры краіны падпісаны на альтэрнатыўнае медыя, яго за гэта могуць затрымаць — на гады.

Вядома, людзі ўсё ведаюць. Але яны не могуць заяўляць пра гэта гучна, яны не могуць нічога сказаць супраць вайны ва Украіне — бо будуць неадкладна затрыманыя. (4 франка)

Ціханоўская не аднойчы падчас звароту і адказаў на пытанні кангрэсменаў успамінала пра Украіну і заклікала дапамагаць ёй усімі магчымымі сродкамі.

— Украіна змагаецца не толькі за сваю зямлю, але і з дыктатурай. Бо дыктатура як рак — яна распаўзаецца.

 

Чаму санкцыі не працуюць

Ціханоўская таксама шмат разоў спрабавала растлумачыць, чаму санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў актуальным выглядзе неэфектыўныя — бо ў іх ёсць шчыліны, дзякуючы якім рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае Расію, і наадварот.

Яна таксама заклікала да персанальных санкцый у дачыненні да тых, хто здзяйсняе злачынствы супраць свайго народа, сярод іншых гэта суддзі і пракуроры, якія пераследуюць людзей паводле палітычных матываў і выносяць неправамоцныя рашэнні.

Дарэчы, практычна адразу пасля заканчэння выступлення Ціханоўскай стала вядома, што ЗША і ЕС пашырылі "чорныя спісы". Пад санкцыі трапілі 13 фізічных асоб і 20 кампаній. Але найлепшай санкцыяй супраць Расіі Ціханоўская назвала свабодную Беларусь.

— Падтрымка Беларусі — гэта не дабрачыннасць, гэта інвестыцыя ў будучую бяспеку ўсяго свету. Дапамажыце нам зрабіць свет больш бяспечным. (+1 франак)

Але ўвесці гэтую "найлепшую санкцыю" супраць Расіі рукамі аднаго амерыканскага казначэйства не атрымаецца.

І яшчэ вынікі ад Офіса Ціханоўскай

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі