Вальфовіч прыгразіў краінам Балтыі і Польшчы "разбурэннямі, гібеллю і выбухамі"
Аляксандр Вальфовіч / БЕЛТА
У выпадку нападу на Беларусь ваенныя дзеянні будуць разгортвацца і на тэрыторыях краін, якія распачнуць агрэсію, заявіў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч. Яго словы прыводзіць sb.by.
Паводле слоў Вальфовіча, у суседніх з Беларуссю краінах — Польшчы, Літве і Латвіі — павялічваецца колькасць вайскоўцаў і ўзбраення, ваенная інфраструктура мадэрнізуецца. Ён выказаў здагадку, што гэта можа быць звязана з падрыхтоўкай агрэсіі.
"Думаю, просты народ, польскі, літоўскі, бачыць тое, што адбываецца сёння ва Украіне, якія разбурэнні, якая трагедыя, як гінуць простыя людзі на тэрыторыі Украіны. Спадзяюся, ён гэтага не захоча", — сказаў Вальфовіч. А гэта адбудзецца, калі кіраўніцтва іх краін нападзе на Беларусь, папярэдзіў дзяржсакратар беларускага Савета Бяспекі.
Паводле яго слоў, у выпадку нападу на РБ ваенныя дзеянні будуць праходзіць не толькі ў Беларусі.
"Не, на іх тэрыторыі таксама будуць разбурэнні, гібель, выбухі", — сказаў Вальфовіч.
Беларусь у цяперашні час у свеце ўспрымаюць як краіну-саўдзельніцу расійскай агрэсіі супраць Украіны. На тэрыторыі Рэспублікі знаходзіліся расійскія войскі, адсюль ляцелі ракеты, якія паражалі ўкраінскія гарады. У пачатку красавіка Аляксандр Лукашэнка і беларускія чыноўнікі сталі патрабаваць месца за сталом перамоваў па пытанні пра заканчэнне вайны. Мінск хоча, каб у дасягнутых дамоўленасцях прадугледжваліся гарантыі бяспекі і для Беларусі. Пра гэта, у прыватнасці, казаў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.