Ягор Лебядок: беларускае войска рыхтуюць да вайны
Заняткі на палігоне "Брэсцкі" / Мінабароны
З дакладнасцю сцвярджаць, што беларускае войска адправіцца ваяваць ва Украіну, няма сэнсу. Затое відаць, што падрыхтоўка да гэтага вядзецца, хоць бы па тым, што не ўсе беларускія войскі ў пунктах пастаяннай дыслакацыі, адзначае ў эфіры Еўрарадыё ваенны эксперт Ягор Лебядок.
Мы сабралі самае цікавае са стрыму.
— Так, яны [беларускія войскі. — Еўрарадыё] на тэрыторыі Беларусі. Але відаць, што ідзе ратацыя. ППА, відаць, узмоцненая на мяжы. Гэта як мінімум здымае псіхалагічную напружанасць. Калі пакрысе паказваеш страшныя рэчы, умоўна кажучы, чалавек прывыкае і яму не так страшна ў далейшым.
Падрыхтоўку правялі на мяжы. Гэта значыць, рэкагнасцыроўку, каб разумець, што за мяжой адбываецца, як дзейнічаць і гэтак далей. Мерапрыемствы, якія выконваюцца, — гэта падрыхтоўка да вайны. Акрамя вучэнняў і звычайнай стральбы, яшчэ псіхалагічная падрыхтоўка ідзе. Натуральна, ідзе ідэалагічная апрацоўка. Фактычна ўсё гэта спрыяе выкарыстанню беларускіх войскаў на мяжы альбо за мяжой, — кажа Ягор Лебядок.
Суразмоўнік падкрэслівае, што па стане на сярэдзіну красавіка Лукашэнка наўрад ці дасць загад аб пераходзе ўкраінскай мяжы беларускімі вайскоўцамі. Аднак загадваць, што будзе далей, немагчыма.
— На фоне таго, што адбылося ў лютым, можна гаварыць толькі пра гатоўнасць, нельга гаварыць пра тое, пашле [Лукашэнка войскі. — Еўрарадыё] ці не пашле. Што ім уваб'е ў галаву, тое і будзе зроблена. Вось чаму мы навучыліся 24 лютага. Спадзеючыся на логіку і ваенную падрыхтоўку, я лічыў, што вайна будзе пазней. Таму што трэба падрыхтавацца, зразумець палітычныя рызыкі і гэтак далей.
"Не думайце, што салдаты — геніяльныя хлопцы"
Пакуль Лукашэнка стварае бачнасць незалежнасці і нават дыстанцыявання ад Пуціна, але абставіны могуць хутка змяніцца. Тым часам на ўзровень падрыхтоўкі беларускага войска ўлады Беларусі і Расіі наўрад ці звяртаюць увагу. Паколькі сэнс яго ўдзелу не ваенны, а палітычны, лічыць суразмоўнік.
— Рызыка [прамога ўцягвання беларусаў у ваенны канфлікт. — Еўрарадыё] не здымаецца ў перспектыве двух-трох гадоў, — працягвае Ягор Лебядок. — Што да вайскоўцаў, там таксама не дурні. Гінуць ніхто не хоча проста так. Натуральна, усе бачылі, як украінцы ваююць і як расіяне. Гэта таксама ўлічваецца.
Але як растлумачыць беларусам, што трэба ісці ваяваць, калі такое рашэнне ўсё ж будзе прынятае?
— Усё ж з нацызмам ваююць. Ідэалагічная лінія даўно паказаная ўсім. Пачытайце вайсковыя тэлеграм-каналы. Дагэтуль незразумела, ці беларусы іх вядуць або расіяне за беларускія часці вайскоўцаў. Гэта чыста расійскі парадак дня: мы ваюем з нацызмам, як брацкія народы ў 1941–1945 гадах. "Украінцы наш самы братні дарагі народ, мы ім павінны дапамагчы", — вось і ўся ідэалагічная ўстаноўка.
Не ўсе чытаюць навіны. Не трэба пераацэньваць інтэрнэт нават. Не думайце, што салдаты 20-22 гадоў нейкія геніяльныя хлопцы. Вазьміце проста па вёсках паглядзіце на хлопцаў. Што там, усе сядзяць у інтэрнэце ацэньваюць палітыку? Не, там іншыя зацікаўленасці.
Што дакладна павінна быць зразумела вайскоўцам — гэта рызыка смерці, але для гэтага і працуе ідэалагічная машына. Акрамя таго, не трэба адкідаць варыянт, пры якім проста будуць выконвацца загады без асаблівага супраціву, рэзюмуе Ягор Лебядок.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.