Вандал, які пашкодзіў карціну “Іван Жахлівы”: ва ўсім вінаватая гарэлка

Вандал, які пашкодзіў карціну “Іван Жахлівы”: ва ўсім вінаватая гарэлка

Мужчына, якога падазраюць у пашкоджанні карціны “Іван Жахлівы і сын яго Іван” у Траццякоўскай галерэі, прызнаўся, што здзейсніў гэты ўчынак у нецвярозым стане. Відэазапіс з фрагментам допыту падазраванага з’явіўся ў суполцы Mash ВКонтакте.

“Прыехаў паглядзець на яе. А восьмай вечара завітаў у буфет, выпіў сто грамаў гарэлкі і чагосьці… Гарэлку не п’ю, вось і накрыла”, —  прызнаўся на запісе падазраваны.

Зламысніка клічуць Ігар Падпорын, яму 37 гадоў. Паводле звестак расійскіх СМІ, ён бяздомны, які ніколі раней не меў судзімасцяў і не стаяў на псіхіятрычным уліку.

Іцыдэнт у Траццякоўскай галерэі ў Маскве здарыўся ўвечары 25 траўня. Мужчына схапіў металічны слупок агароджы, разбіў ім шкло карціны і затым нанёс некалькі ўдараў па халсце.

Палатно парванае ў трох месцах. Найбольш каштоўнае —  выява рук і твару цара і царэвіча не пацярпелі. Але падчас выпадзення шкла была пашкоджаная аўтарскай рама. Карціну знялі з экспазіцыі і накіравалі ў рэстаўрацыйную майстэрню. Паліцыя затрымала вандала. Распачатая крымінальная справа за пашкоджанне культурных каштоўнасцяў.

Як нагадвае meduza.io, гэта не першы напад на карціну Іллі Рэпіна “Іван Жахлівы і сын яго Іван”. У 1913 годзе палатно пашкодзіў нажом іконапісец-старавер Абрам Балашоў. Роўна праз 100 гадоў праваслаўныя актывісты патрабавалі ад кіраўніцтва Траццякоўкі прыбраць карціну з экспазіцыі, бо нібыта не існуе доказаў забойства Іванам Жахлівым уласнага сына.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі