Вольга Карач мае часовы від на жыхарства і можа застацца жыць у Літве
Вольга Карач / ELTA
Вольга Карач не атрымала палітычнага прытулку ў Літве, але ёй выдалі часовы від на жыхарства — з гуманітарных меркаванняў. Пра гэта піша DELFI са спасылкай на намесніцу дырэктара Дэпартамента міграцыі Літвы Люцыю Войшніс.
Сёлета Дэпартамент міграцыі адмовіў у прадастаўленні прытулку 26 асобам з Беларусі. Усе яны былі вымушаныя пакінуць краіну. Карач была прызнаная пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы, але застаецца ў краіне.
Па словах Войшніс, калі бяспецы і жыццю чалавека пагражае небяспека ў краіне паходжання, яго нельга вярнуць у гэтую краіну. Такі чалавек прызнаецца бежанцам, і яму даецца часовы від на жыхарства ў Літве з гуманітарных меркаванняў.
Калі асоба, якая ўяўляе пагрозу нацбяспецы, не можа вярнуцца на радзіму, яна трапляе пад нагляд. Часовы ВНЖ выдаецца на адзін год. "Усе ўстановы Літвы працуюць, і такія асобы знаходзяцца пад наглядам не толькі Дэпартамента міграцыі, але і іншых праваахоўных органаў", — кажа Войшніс.
Літва можа выслаць такога чалавека ў трэцюю краіну. Але для гэтага патрабуецца згода як самога чалавека, так і прымаючай краіны. "Калі ён не захоча ехаць у трэцюю краіну, яго не вернуць сілком. Гвалтоўна чалавека могуць адправіць толькі ў краіну яго паходжання", — падкрэслівае чыноўніца.
Праз год часовы ВНЖ пераглядаецца і можа быць падоўжаны.
Як распавядала Еўрарадыё, напярэдадні з'явіліся звесткі, быццам Карач падазраюць у супрацоўніцтве з расійскай разведкай. Сама яна гэтыя абвінавачанні абвяргае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.