Карач кажа, што не магла супрацоўнічаць з расійскай разведкай
Вольга Карач / З архіва Еўрарадыё
Беларуская грамадская актывістка Вольга Карач, якая жыве ў Літве, пракаментавала публікацыі ў літоўскіх СМІ, у якіх яна падазраецца ў супрацоўніцтве з расійскай разведкай. BNS і Delfi спасылаюцца на Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы.
"Я ні з кім не супрацоўнічала, ды і не магла, — цытуе словы Карач Delfi. — Не супрацоўнічала я ні з якімі варожымі ведамствамі — ні беларускімі, ні расійскімі. Ніколі не супрацоўнічала, не ведаю, хто такое кажа. Калі ў іх іншая інфармацыя, няхай яе апублікуюць".
Вольга Карач кажа, што калі б Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы лічыў, што яна супрацоўнічала з расійскай разведкай, то ёй не дазволілі б застацца ў Літве. На 22 жніўня Карач запланавала прэс-канферэнцыю.
Аднак BNS спасылаецца на дакумент Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы, а Delfi — на "добра інфармаваныя крыніцы". Сцвярджаецца, што Карач у 2015-2019 гадах нібыта наведвала РФ і сустракалася з прадстаўнікамі расійскай разведкі, у далейшым падтрымлівала з імі кантакты, перадавала дакументы. А расійская разведка магла выкарыстоўваць сувязі з беларускай для дзейнасці, накіраванай супраць Літвы і яе інтарэсаў. Але згаданы дакумент не апублікаваны, а крыніцы не названыя.
Вольга Карач — кіраўніца Цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў "Наш дом", які ў Беларусі абвешчаны "экстрэмісцкім фармаваннем". Нядаўна яна заявіла, што ўлады Літвы адмовілі ёй у палітычным прытулку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.