Выбары ў Грузіі: вайна, метадон і "мёртвыя душы"

Парламенцкія выбары ў Грузіі

Парламенцкія выбары ў Грузіі / JAMnews

26 кастрычніка ў Грузіі прайшлі парламенцкія выбары. Паводле Цэнтрвыбаркаму, перамогу атрымала прарасійская партыя "Грузінская мара" — яна кіруе краінай 12 гадоў. Пры гэтым апытанні паказваюць, што большасць грамадзян выступае за праеўрапейскі шлях краіны — уступленне ў ЕС і NATO.

Дык хто ж галасаваў за "Грузінскую мару" і што цяпер будзе? Тлумачыць галоўная рэдактарка "Медыясеткі" Дыяна Петрыяшвілі.

Якія вынікі і што яны значаць?

Паводле афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў, кіроўная партыя "Грузінская мара" набрала 54% галасоў. Акрамя яе ў парламент прайшлі яшчэ тры апазіцыйныя альянсы і адна партыя. На выбарах, якія і ў Грузіі, і за яе межамі лічылі фактычным рэферэндумам, які павінен быў вызначыць далейшую геапалітычную накіраванасць краіны, гэтыя апазіцыйныя сілы выступалі за безумоўную інтэграцыю з Захадам. Іх выбарцы спадзяваліся, што апазіцыі ўдасца сумарна набраць больш галасоў, чым кіроўнай партыі, сфармаваць кааліцыйную большасць у парламенце, скасаваць "дрэнныя" законы, якія паспела прыняць прарасійская "Мара", і памірыцца з Захадам. Калі абапірацца на афіцыйныя лічбы, гэты план праваліўся. Але падставы для аптымізму ў прыхільнікаў празаходняга развіцця краіны пакуль ёсць.

Што адбываецца цяпер?

Паводле звестак грузінскага ЦВК, у парламент прайшлі "Кааліцыя за перамены", альянсы "Адзінства — Нацыянальны рух", "Моцная Грузія" і партыя "За Грузію". Усе апазіцыйныя лідары заявілі, што лічаць выбары сфальсіфікаванымі, не прызнаюць іх вынікі і пачынаюць акцыі непадпарадкавання. Паводле папярэдніх звестак, у новым скліканні парламента ў кіроўнай партыі будзе 88 месцаў, у апазіцыі — 62. Цяпер у грамадстве актыўна абмяркоўваюць, ці сапраўды адмова апазіцыянераў ад сваіх мандатаў ставіць пад пытанне легітымнасць парламента, і ці можа прэзідэнт краіны перашкодзіць новаму парламенту сабрацца. Улады ўжо заявілі, што парламент пачне працаваць у пазначаныя законам тэрміны і, хутчэй за ўсё, яны скарыстаюцца невыразнасцю фармулёвак канстытуцыі, у якой хоць і пазначана, што першае пасяджэнне прызначаецца прэзідэнтам, але не вызначаецца, як менавіта гэта павінна адбывацца.

Што будзе? 

Пакуль цяжка сказаць, як менавіта разгорнецца сітуацыя, яе часта параўноўваюць з папярэднімі выбарамі — восенню 2020 года апазіцыя таксама ў знак пратэсту адмаўлялася ад сваіх мандатаў, але ў выніку ўсё ж пагадзілася ўвайсці ў парламент у выніку пасярэдніцтва Захаду. Але ёсць і іншы прэцэдэнт — парламенцкія выбары далёкага 2003 года. Тады апазіцыя таксама заявіла пра беспрэцэдэнтны маштаб фальсіфікацый і парушэнняў і заклікала народ да пратэсту. Вынікам стала аксамітная "Рэвалюцыя руж", якая змяніла карумпаваны рэжым Эдуарда Шэварнадзэ на каманду маладых рэфарматараў на чале з Міхаілам Саакашвілі.

І хоць скептыкі паказваюць на тое, што сітуацыя цяпер моцна адрозніваецца ад палітычнага становішча 20-гадовай даўніны, аптымісты не гатовыя спісаць гэтую паралель з рахункаў. 

Адным з галоўных адрозненняў цяперашняга крызісу ад сітуацыі 2003 года лічыцца адсутнасць моцнага апазіцыйнага лідара. Міхаіл Саакашвілі працягвае сядзець у турме, палітычная вага яго партыі прыкметна ўпала пасля бесперапыннай працы дзяржпрапаганды, якая гадамі расказвае электарату пра крыважэрнасць ранейшай улады і падступства любых астатніх апанентаў "Грузінскай мары". Шмат у чым дзякуючы прапагандзе апазіцыя разрозненая і раз'яднаная, палітыкам з вялікай цяжкасцю ўдаецца дамовіцца адно з адным і зусім не ўдаецца весці за сабой народ. І хоць сярэднестатыстычнаму выбарцу даўно не падабаецца "Мара", знайсці некага ў процілеглым лагеры ўсё ніяк не ўдаецца. Менавіта з гэтай прычыны ў апошнія гады самымі масавымі і рэзананснымі рабіліся акцыі пратэсту, якія ўзначальваліся не палітыкамі, а студэнтамі, журналістамі або супрацоўнікамі НДА.

У чым роля прэзідэнткі?

Сама прэзідэнтка Саломэ Зурабішвілі выразна падтрымлівае апазіцыю і празаходні курс краіны. Яна была надзвычай актыўная падчас пратэсту супраць закона "Аб замежным уплыве", які ў Грузіі называюць спісаным з расійскага "Аб замежных агентах". Цвярозая празаходняя рыторыка Зурабішвілі моцна адрозніваецца ад "нейтральных" заяў лідараў кіроўнай партыі, якія рэгулярна прымушаюць грузінскіх грамадзян чырванець ад сораму. Зурабішвілі моцна не любяць у "Мары", але паважаюць на Захадзе. А галоўнае — відаць, яна робіцца лідарам, здольным павесці за сабой і палітыкаў, і іх выбарцаў.

Зурабішвілі назвала выбары цалкам сфальсіфікаванымі, заявіўшы, што ўлады выкарыстоўвалі "сучасныя тэхналогіі для абялення махлярства" і што Грузія зрабілася ахвярай "расійскай спецаперацыі гібрыднай вайны". Важна, што менавіта Зурабішвілі, а не нехта з апазіцыянераў, заклікала народ выйсці на акцыю пратэсту ўвечары 28 кастрычніка.

Выборы в Грузии: война, метадон и “мёртвые души”
Парламенцкія выбары ў Грузіі / JAMnews

Хто галасаваў за "Мару"?

Паводле звестак экзітполаў, замоўленых незалежнымі тэлекампаніямі, за кіроўную партыю прагаласавала каля 40 працэнтаў выбарцаў. Апаненты ўлады сцвярджаюць, што гэтай лічбы немагчыма было б дасягнуць, калі б не варварскае выкарыстанне адмінрэсурсу і іншыя незаконныя метады накшталт подкупу і запалохвання. Акрамя таго, важна разумець, што ў краіне неймаверна раздзьмутыя выбарчыя спісы, у якія ўключаны сотні тысяч "мёртвых душ". Выбарцамі ў Грузіі лічацца 95% (!) ад усяго насельніцтва, што дае шырокія магчымасці для фальсіфікацыі — рэальна ў краіне нашмат менш выбарцаў, чым заяўлена афіцыйна.

Але ўсё роўна прыхільнікаў "Мары" ў краіне нямала, і, мабыць, кожны апазіцыйна настроены грузін прызнае, што ў яго атачэнні поўна выбарцаў кіроўнай партыі. Вядома, сярод тых, хто прагаласаваў, нямала тых, каго падштурхнуў да гэтага адміністрацыйны рэсурс. Так, дзяжурна абводзяць на бюлетэнях лічбу 41 супрацоўнікі дзяржустаноў, часам праз страх быць звольненымі, а часам проста таму, што баяцца пераменаў пасля бясконцых 12 гадоў кіравання "Мары". Сярод лагічнага электарату гэтай партыі — і сацыяльна неабароненыя людзі, жыццё якіх цалкам залежыць ад мізэрнай дапамогі, і сытыя чыноўнікі, якія звыклі да шчодрых прэмій і камфортных камандзіровак. Традыцыйнымі выбарцамі "Мары" лічаць у Грузіі бенефіцыяраў так званай "метадонавай праграмы" — гэта значыць, людзей з нарказалежнасцю, якія атрымліваюць замяшчальную тэрапію. Нямала сярод электарату і прабацыянераў — асуджаных, якім дазволілі жыць у грамадстве пад выразным кантролем уладаў. 
 
Але калі папярэднія катэгорыі могуць дэманстраваць лаяльнасць уладам вымушана, то ёсць і тыя, хто падтрымлівае гэтую партыю цалкам шчыра. Напрыклад, за яе галоўнае абяцанне на гэтых выбарах — адсутнасць вайны з Расіяй. У Грузіі горача і шчыра спачуваюць Украіне, не забываючы пра ўласную вайну ў 2008 годзе. Таму так званая палітыка "нейтралітэту", якой тыкае ў нос "Грузінская мара", у некаторых выклікае сарамлівае задавальненне. 

Ну і, нарэшце, яшчэ адна катэгорыя ідэалагічных падтрымантаў — легкаверныя гамафобы, якіх гадамі палохаюць аповедамі пра еўрапейскі ЛГБТ-разгул. Незадоўга да выбараў ідэйны натхняльнік "Мары", мільярдэр Бідзіна Іванішвілі прысвяціў гэтай тэме асобны выступ, сказаўшы, у прыватнасці, што еўрапейскі лібералізм зайшоў так далёка, што там, маўляў, нават мужчыны кормяць дзяцей грудзьмі нароўні з жанчынамі (ці то нават замест іх). Большасць карыстальнікаў грузінскага Фэйсбука гэты выступ моцна развесяліў, але былі і тыя, хто абураўся і ганіў страшных еўрапейцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі