Выказваем заклапочанасць: японцы знайшлі дамешкі ў вакцыне, а ў Кабуле пекла
Каротка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё
Пад канец дня сусветныя СМІ пачалі выдаваць навіны пра аэрапорт Кабула — там адбылося два выбухі, не менш за 13 чалавек загінулі. На фоне гэтай навіны мала што можа падацца важным, але мы працягваем расказваць, чым жыў свет 26 жніўня.
За час эвакуацыі з Кабула на бартах самалётаў нарадзіліся трое дзяцей
Пра гэта расказалі ў Міністэрстве абароны ЗША. Па іх словах, вядома як мінімум яшчэ пра два выпадкі нараджэння дзяцей падчас эвакуацыйных рэйсаў.
Сёння галоўнакамандуючы Аб'яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе генерал ВПС ЗША Тод Уолтэрс расказаў, што трэцяму дзіцяці, якое нарадзілася на борце амерыканскага самалёта, далі імя Рыч (Reach) — у гонар пазыўнога транспартніка, на якім яно нарадзілася: "Як пілот ВПС я мару ўбачыць, як дзіця па імені Рыч вырасце, атрымае грамадзянства ЗША і пачне лётаць на знішчальніках ВПС ЗША".
Рыч з'явілася на свет 21 жніўня ў грузавым адсеку самалёта праз некалькі хвілін пасля прызямлення на тэрыторыю ЗША. Сам працэс родаў праходзіў нестабільна: падчас палёту ў жанчыны знізіўся крывяны ціск праз знаходжанне на вялікай вышыні, пілоты ішлі на больш нізкай вышыні, чым планавалася па маршруце.
Праз памылку афганцы не маглі патэлефанаваць у гарачую лінію і папрасіць дапамогі. Замест гэтага яны траплялі ў майстэрню па рамонце пральных машын
Як расказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Шатландыі, такое здарылася праз тэхнічную памылку, якую яны ўжо ліквідавалі.
"Я баюся ўявіць, колькі людзей не змаглі звязацца з Міністэрствам унутраных спраў праз гэтую памылку. На жаль, шмат каму больш няма куды звярнуцца па дапамогу і падтрыму. Міністэрства павіннае гарантаваць, што такога больш не паўторыцца", — сказаў чалец Парламента Вялікабрытаніі ад Шатландскай нацыянальнай партыі Крыс Лоў.
У Міністэрстве абвясцілі, што з 23 жніўня гарачая лінія працуе ў нармальным рэжыме з 23 жніўня. Тэлефон даверу, на які раней можна было тэлефанаваць з 9:30 да 23: 00, зрабілі кругласутачным і прыцягнулі больш супрацоўнікаў.
Вось і знайшлі чыпы: Японія спыніла вакцынацыю прэпаратам Moderna. У ёй былі невядомыя дамешкі
Японія замовіла ў Іспаніі партыю вакцыны Moderna. Яе даставілі ў Японію, але перад тым як выкарыстоўваць, праверылі на чысціню. Аказалася, нездарма. У вакцыне Moderna выявілі дамешкі. Памер выяўленых часцінак склаў некалькі міліметраў. Урад ініцыяваў расследаванне і прыпыніў выкарыстанне 1,63 мільёна доз Moderna.
Гэта не першы выпадак, калі вакцыну прызнаюць непрыдатнай праз стэрыльнасць. Раней СААЗ ужо паведамляла пра парушэнні на вытворчасці "Спутника V" у Расіі.
Чачэнку Халімат Тарамаву "лячылі" ад любоўных адносін з дзяўчынай у падмаскоўнай клініцы без ліцэнзіі
Калі памятаеце, то ў Махачкале не так даўно адбылася гучная гісторыя: 22-гадовая Халімат Тарамава, дачка былога міністра ЖКГ Чачні Аюба Тарамава, з'ехала з Чачні ў Махачкалу — у кватэру, у якой дапамагаюць жанчынам, што трапілі ў крызісную сітуацыю. Да гэтага яна зняла відэа і расказала, што падверглася гвалту ў сям'і праз сваю сексуальную арыентацыю.
Як стала вядома расійскім СМІ, Тарамаву трымалі ў клініцы без ліцэнзіі і спрабавалі лячыць ад адносін з каханай дзяўчынай. Усё праз тое, што муж Халімат нібыта знайшоў у яе тэлефоне перапіску, якая выклікала ў яго рэўнасць, — але перапіска была не з іншым мужчынам, а з дзяўчынай.
Па словах той самай дзяўчыны, Ганны Манылавай, у клініцы псіхолагі задавалі Халімат практыкаванні, з дапамогай якіх яна павінная была "выкінуць з галавы думкі пра каханую дзяўчыну": напрыклад, яе прасілі распісаць у два слупкі "вартасці і недахопы Ганны". У Манылавай захавалася перапіска, у якой Халімат са смехам расказвае пра гэта і кажа, што ў слупку з недахопамі яна напісала "Іх няма".
Пасля сустрэчы з Байдэнам Microsoft і Google інвестуюць $ 30 мільярдаў у кібербяспеку
Амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн правёў сустрэчу з найбуйнейшымі кампаніямі: ADP, Amazon, Apple, Google, IBM і Microsoft. Размаўлялі пра кібербяспеку. Імаверна, з кібербяспекай не вельмі добра ці мусіць быць яшчэ лепш, таму дзве кампаніі, Microsoft і Google, паабяцалі інвеставаць цягам пяці гадоў у гэты кірунак $30 млрд.
Сярод кірункаў, якія лічбавыя гіганты будуць развіваць, — дапамога дзяржаўным прадпрыемствам у паляпшэнні сістэм кіберабароны, навучанне спецыялістаў па кібербяспецы і развіццё адпаведнай інфраструктуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.