"Вёў перамовы за спінай". Чаму "Дынама" скасавала кантракт з Крэйгам Вудкрафтам
Напачатку чэрвеня 2017 года швейцарскія СМІ раптам паведамілі, што канадскі хакейны трэнер Крэйг Вудкрафт сыходзіць з "Дынама-Мінск", каб узначаліць каманду "Жэнева-Сервет".
Для беларускіх заўзятараў гэта было непрыемным сюрпрызам: кантракт трэнера заканчваўся яшчэ толькі праз два гады. Але, як высветлілася, неспадзяванкай сыход Вудкрафта быў не толькі для іх, але і для кіраўніцтва мінскага клуба.
"Мы не планавалі разрываць кантракт з Вудкрафтам, разлічвалі, што ён дапрацуе астатнія два гады, выканае сваю праграму, пра якую ён так шмат казаў. Аднак неўзабаве даведаліся, што Крэйг вядзе перамовы за нашай спіной са швейцарскім клубам. Безумоўна, гэты ўчынак Вудкрафта паставіў нас у стан цэйтноту. У самы кароткі час трэба было знайсці новага трэнера, новы трэнерскі штаб і сфармаваць абноўленую каманду. Мы справіліся, гэты працэс ужо амаль завершаны", — распавёў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч, які ўзначальвае Назіральную раду мінскага "Дынама".
Новым галоўным трэнерам "зубраў" стаў Гордзі Дуайер — 39-гадовы адмыслоўца, вядомы, найперш, як тафгай.
"Гэта сур'ёзны, кваліфікаваны спецыяліст. Магчыма, "Медвешчаку" пад яго кіраўніцтвам бракаваў турнірных зорак, але такія былі рэаліі загрэбскага клуба, і не трэнер іх вызначаў. Аднак нават у самых складаных умовах гэтая каманда заставалася куслівай, непрыемным апанентам для любога суперніка ў КХЛ. Гэта вельмі каштоўная якасць, — каментуе прызначэнне Шуневіч. — Акрамя таго, звярніце ўвагу на ўменне Дуайера працаваць на развіццё гульцоў: многія з тых, хто трэніраваўся пад яго кіраўніцтвам, папоўнілі наймацнейшыя клубы Лігі. Думаю, для маладых беларусаў, якіх у нас у складзе нямала, магчымасць супрацоўніцтва з такім спецыялістам — выдатны шанец".